Откуда текут молочные реки ОАО «Ловжанское»

Сельское хозяйство Экономика

Імкнуцца да экстра-класу

Ведётся ремонт фермы Цавьи

Актыўна працуюць па ўдасканальванню малочнавытворчай галіны ў ААТ “Лаўжанскае”. Уся работа накіравана на павышэнне вытворчасці, больш важкія надоі. У гэтым плане нядрэнныя вынікі мае ферма Рашэтнікі. Сёння яна сярод лепшых у раёне. Але каб гаспадарка змагла ўтрымаць лідзіруючыя пазіцыі па надоях, адной перадавой фермы недастаткова. Таму “падцягваюць” і іншыя фермы. Зараз, напрыклад, ідзе рэканструкцыя на ферме Цаўі, якая калісьці славілася лепшымі надоямі.
“Даільнае абсталяванне, якое дваццаць гадоў таму было ў раёне навінкай, аджыло сваё, – расказала загадчыца фермы А. М. Іванова. – Пакуль каровы на пашы, на ферме ідзе рэканструкцыя. Спецыялісты з Гомеля поўнасцю зрабілі мантаж новага даільнага абсталявання, дарэчы, беларускай вытворчасці”.
Разам з загадчыцай абыходзім усе памяшканні фермы. Новае абсталяванне акуратна закрытае плёнкай. Каровы будуць стаяць тут з абодвух бакоў даільнай залы, інфармацыя ад кожнай каровы будзе паступаць на манітор камп’ютара.
Новае абсталяванне нацэльвае лаўжанцаў на добры плён і якасць. Зараз у Цаўях дояць больш за трынаццаць літраў на карову. Але шчыльнасць малака жадае быць лепшай. Ды і пры пашавым утрыманні ніколі не дацягнуць да гатунку экстра-клас. А менавіта да гэтага імкнуцца мясцовыя жывёлаводы.
Першае  памяшканне фермы практычна гатова прыняць пад свой дах жывёлу,  у трэцім – парадак, стойлы пафарбаваныя. А вось у другім кароўніку яшчэ шмат работы.  “Вы ж не паспееце, хутка кароў трэба ставіць”, – адрасуем сваё сумненне кіраўніку ААТ “Лаўжанскае” А. В. Аляксеенку. “Управімся, – запэўнівае кіраўнік “Лаўжанскага” Аляксандр Віктаравіч. – Будзем працаваць у дзве змены”. На ферме на мінулым тыдні яшчэ рамантавалі сістэму гноевыдалення, рабочыя з мясцовай будаўнічай брыгады забетаніравалі падлогу. А яшчэ трэба зрабіць на вуліцы навесы для цялят.
Аднаўляюць пакой адпачынку. Падчас нашага прыезду рабочая будаўнічай брыгады Ганна Васільева фарбавала валікам сцены ў ярка ружовы колер.
Заехалі на ферму Спаскае. Там таксама ідзе рэканструкцыя. Столь пакою адпачынку падшывалі сайдынгам, у малочным блоку клалі новую плітку.
“Не сядзім склаўшы рукі, рыхтуемся да зімы, – пахвалілася загадчыца Г. М. Бядрыцкая. – Хочацца сказаць ухвальнае слова пра рабочых нашай фермы. Пакуль прыехала будаўнічая брыгада, яны разабралі столь, падрыхтавалі фронт работы.  Ды і сваю тэрыторыю прыбіраюць, абкошваюць без напаміну”.
На ферме Спаскае хочуць паставіць уласны кацёл, прыкладна такі,  як на ферме Латкова. Спадзяюцца, што будзе цяплей, чым з грубкай.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Опубликовано в №69 от 7.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *