«Хуткая» і неадкладная дапамога: у чым розніца
«Нядаўна дужа прастудзіўся. Падчас кашлю з’явіўся моцны боль у грудзях, стала цяжка дыхаць. На выклік па нумары «103» да мяне прыбыла брыгада не «хуткай», а неадкладнай дапамогі. Мяне агледзеў фельчар і рэкамендаваў схадзіць на кансультацыю ў паліклініку. Я адчуваў сябе дрэнна, а медык, які прыехаў, даў толькі некалькі парад па лячэнні. Маўляў, шпіталізацыяй займаецца «хуткая».
Раскажыце, у чым усё ж такі розніца паміж «хуткай» і «неадкладнай» дапамогай? – з такой просьбай да нас звярнуўся наш чытач з райцэнтра.
«Паміж хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогай ёсць істотная розніца – тэрміновасць, і аказваюцца яны рознымі службамі («хуткая» адносіцца да Віцебскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі, неадкладная дапамога – да Шумілінскай ЦРБ). Сартаванне званкоў пачынаецца адразу ж пры прыёме выклікаў.
«Хуткая» і неадкладная дапамога выклікаюцца па адзіным нумары тэлефона – 103. Спецыяліст, які прымае званок, вызначае, якога характару дапамога патрабуецца», – растлумачыла галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч.
Памятайце
Ад таго, наколькі дакладна вы апішыце сімптомы хворага, залежыць тое, якую брыгаду вам накіруюць. Не варта панікаваць і выдумляць неіснуючыя хваробы. Рацыянальна ацаніце сітуацыю і дэталёва, але без лішніх падрабязнасцей, апішыце стан хворага.
Каго і на які выклік накіроўваюць?
Неадкладная дапамога прыязджае на такія выклікі, дзе няма яўнай пагрозы жыццю, але ёсць пагроза здароўю пацыента. «Неадкладка» аказвае дапамогу пацыентам, якія па стане здароўя не могуць самастойна звярнуцца ў паліклініку, але пры гэтым іх жыццю нічога не пагражае. Хвораму толькі акажуць дапамогу, каб не ўзнікла ускладненняў і пагаршэння здароўя на працягу сутак. Напрыклад, пры змяненнях артэрыяльнага ціску, алергіі, ванітах, пры павышэнні тэмпературы, абвастрэнні хранічнага захворвання без відавочных прыкмет пагрозы жыцця.
Фельчар «неадкладнай» аказвае першую дапамогу, можа прызначыць лячэнне і адправіць пацыента на кансультацыю да ўрача. Калі хвораму дыягнаставаны інфаркт міякарду ці інсульт, Фельчар неадкладнай дапамогі Валянціна Дабравольская то фельчар неадкладнай дапамогі выкліча «хуткую». Пры падазрэнні, напрыклад, на пнеўманію, востры панкрэатыт, востры халецыстыт, апендыцыт, фельчар даставіць хворага ў прыёмны пакой.
«Хуткая» дапамога – экстранная служба неадкладнага медыцынскага рэагавання, выязджае да тых, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Задача хуткай дапамогі – выратаваць жыццё. Да прыкладу, здарыўся пажар, ёсць пацярпелыя з моцнымі апёкамі. Або здарыўся прыступ інсульту. У гэтым выпадку ў медыкаў ёсць не больш 4 гадзін, каб выратаваць чалавека ад глыбокай інваліднасці. Або паўстала пагроза выкідышу падчас цяжарнасці. Яшчэ прыклады: удар электрычным токам, утапленне, чалавек страціў прытомнасць і не прыходзіць у сябе…
У кожным выпадку дапамога патрэбна неадкладна. Гэта і ёсць выклікі «хуткай» дапамогі.
Трэба ведаць
Падчас работы паліклінікі, ФАПаў, урачэбных амбулаторый неадкладныя выклікі спецыялісты службы 103 пераадрасоўваюць ва ўстановы аховы здароўя па месцы жыхарства пацыента. Час чакання брыгады неадкладнай медыцынскай дапамогі не перавышае 75 хвілін у горадзе і 90 хвілін – у іншых населеных пунктах з моманту рэгістрацыі выкліку.
Алена КАРПУШЭНКА.



