Как в Шумилино праздновали День Октябрьской революции

Главное Край шумілінскі Общество

«Лёс і Радзіма – адзіныя»

Мітынг, прысвечаны Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі, прайшоў 6 лістапада на цэнтральнай плошчы каля помніка У. І. Леніну.

На плошчы сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, палітычных партый, удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Юны гвардзеец” СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка, жыхары райцэнтра.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук і сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Мікалай Прыгодзіч, якія выступілі на мітынгу, гаварылі пра гістарычнае значэнне Кастрычніка 1917 года, яго ўплыў на развіццё чалавецтва, адзначылі ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці і сацыяльна справядлівай дзяржавы. У нашай краіне з павагай ставяцца да гістарычных падзей і поглядаў нашых бацькоў і дзядоў, якія змагаліся за справядлівае і раўнапраўнае грамадства.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць абаронцаў Айчыны розных пакаленняў. У знак павагі да асобы У. І. Ульянава (Леніна) да падножжа помніка правадыру рэвалюцыі ляглі пунсовыя гваздзікі.

Мітынг прадоўжыўся літаратурна-музычнай кампазіцыяй, падрыхтаванай работнікамі раённай бібліятэкі. Яна сімвалізавала пераклічку пакаленняў. Удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Юны гвардзеец” урачыстым крокам прамаршыравалі да помніка і прачыталі вершы, у якіх выступалі за мір, справядлівасць, выказалі ўпэўненасць у далейшым росквіце нашай краіны.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *