5 уголовных дел возбуждено в этом году в Шумилинском районе по факту кражи велосипедов

Общество Происшествия

Паклапаціцеся  пра  свой  веласіпед
З пачатку года следчыя раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзілі  5  крымінальных спраў па фактах крадзяжоў веласіпедаў.

Апошнюю крымінальную справу па факце крадзяжу ўзбудзілі на мінулым тыдні. Расказвае старшы следчы Віктар Казлоўскі:
–  У праваахоўныя органы звярнулася жыхарка Кардона, якая паведаміла, што з лесвічнай пляцоўкі шматкватэрнага дома знік яе веласіпед. Была ўзбуджана крымінальная справа. Злачынцу доўга не прыйшлося шукаць – ім аказаўся сусед па пад’езду. Мужчына ў пяць гадзін ранку «прыхапіў» чужы транспарт. Адразу яго разабраў. Частку дэталяў устанавіў на свой веласіпед, астатнія – схаваў у кватэры. Санкцыі артыкула за здзяйсненне гэтага злачынства прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да трох год.
«Крадзеж веласіпедаў – адно з самых распаўсюджаных злачынстваў, — расказвае начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Віктар Шышковіч.– На жаль, папярэджанні, прафілактычныя гутаркі на людзей слаба дзейнічаюць. Да таго часу, пакуль не стане веласіпеда. Вось тады чалавек пачынае думаць пра захаванасць свайго транспарта. Адзначу, што веласіпедныя крадзяжы  вельмі добра раскрываюцца па «гарачых» слядах. Але ж многія не спяшаюцца пасля знікнення велатранспарту звяртацца ў праваахоўныя органы. А падазраваны за пару гадзін, калі гаспадар сам «шукае», паспявае і разабраць скрадзены веласіпед, і прадаць па частках. Шчыра кажучы, веласіпедныя крадзяжы раскрываюцца, але лепш да гэтага сітуацыю не даводзіць”.
Віктар Шышковіч падкрэсліў, што асноўная прычына веласіпедных крадзяжоў – бяспечнасць гаспадароў. «Давайце пройдземся, напрыклад, па цэнтральных вуліцах Шуміліна, – прапанаваў начальнік РАСК. – Паглядзім, колькі веласіпедаў стаяць без ахоўных сродкаў, непрышпіленыя, спакушаючы злачынцу».
Веласіпедаў ў Шуміліне шмат. Гаспадары іх пакінулі і каля чыгуначнага вакзала, і каля магазінаў «Хіт», «Еўраопт», «Ганна», і каля пошты.   Налічылі каля 15 веласіпедаў. І толькі шэсць былі прышпілены велазамкамі ці іншымі ахоўнымі прыладамі.
Следчыя раяць уладальнікам веласіпедаў выконваць наступныя меры бяспекі:
– захоўвайце дакументы пасля пакупкі веласіпеда;
– запішыце нумары запчастак і захоўвайце запіс;
– сфатаграфуйце веласіпед: фота спатрэбіцца, калі давядзецца апазнаць транспартны сродак;
– не аддавайце веласіпед незнаёмым людзям, якія просяць пакатацца на ім;
– не прасіце чужых людзей прыгледзець за веласіпедам;
– не захоўвайце веласіпеды ў пад’ездах, лесвічных пляцоўках;
– пакідаючы веласіпед, прыстасаваннем для блакіроўкі фіксуйце да агароджы не толькі раму, але і адно кола;
– пры наяўнасці камераў відэаназірання пакідайце веласіпед у полі іх агляду;
– не набывайце веласіпед у незнаёмых людзей пры адсутнасці дакументаў на яго.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №69 ад 03.09.2019 г.