Хутка ў крамах з’явяцца «Чарыза» і «Шамбала»
Работнікі ўчастка сыравэнджанай прадукцыі ТАА «Вітконпрадукт», які пачаў працаваць у 2021 годзе, рэгулярна радуюць пакупнікоў новымі відамі прадукцыі. Каўбас зараз тут вырабляюць каля дваццаці гатункаў.
Трэба задавальняць попыт пакупнікоў і крочыць у нагу з часам, лічыць тэхнолаг прадпрыемства Святлана Быкава. Сёлета чакаецца выпуск цэлай лінейкі сыравэнджаных каўбас прэміум-класа. Яны адрозніваюцца тым, што выпускаюцца ў натуральнай абалонцы, якую можна ўжываць у ежу. У каўбасы дадаюцца новыя віды спецый, якія не выкарыстоўвалі раней. Напрыклад, грэцкі арэх, ягады ядлоўцу, натуральныя прыправы айчыннай вытворчасці, а таксама настойка “Белавежская”. Першая партыя каўбас ужо выраблена і адпраўлена “на выспяванне”.
Сорт «Іберыка» мае яркі насычаны смак міжземнаморскіх каўбас, гатунак «Чарыза» – з папрыкай, «Шамбала» мае смак труфеля, а «Філіну» робяць з аднаго курынага філе, дадаючы туды спецыі, каб атрымаўся духмяны смак. Гэтыя віды каўбас у адрозненне ад іншых гатункаў выспяваюць пры больш нізкіх тэмпературах (ад +4 да +14 градусаў), якія рэгулююцца па тэхналогіі.
Асаблівасць сыравэнджаных каўбас – працяглы час прыгатавання. Як і «Аўстрыйская», «Дзмітрыеўская», «Італьянская», новыя гатункі даходзяць да кандыцый за два, два з паловай тыдні. У адказе за іх выспяванне майстар участка вытворчасці сыравэнджаных каўбас Дзмітрый Казлоўскі. Ён кіруе работай чатырох кліматычных камер (дзве – для сушкі, адна – для выспявання, адна – універсальная) і лічыць, што шумілінскія каўбасы самыя смачныя. Работу аблягчае дыстанцыйнае кіраванне, тым не менш трэба быць уважлівым і сачыць за тэмпературай, вільготнасцю і іншымі параметрамі.
На днях ў фірменных магазінах «Мясная лаўка» з’явяцца ў продажы новыя віды каўбас – «Чарыза», «Шамбала», «Іберыка» і «Філіна». І гэта не ўсё. Тэхнолагі «Вітконпрадукта» распрацавалі яшчэ шэсць гатункаў каўбас, выпуск якіх будзе асвоены ў гэтым годзе. Пра іх мы абавязкова раскажам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

