Мода на пилатес: от здоровья до эстетики

Здоровые города и посёлки Здоровье Спорт, туризм

Мода на пілатэс: ад здароўя да эстэтыкі

 Рэжым «навесці фігуру да Новага года» паспяхова актываваны

Прыйшлі халады, і замест прагулак у «нялётныя» вечары жыхары Шуміліна і раёна заняліся спартыўнымі актыўнасцямі ў сценах фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Асаблівым попытам сярод жаночага насельніцтва ў гэтым сезоне карыстаецца пілатэс. Калі раней на занятак збіралася 5 чалавек, то цяпер колькасць людзей, якія рассмакавалі дадзены кірунак, павялічылася ў разы. Спорт і ў цэлым здаровы лад жыцця даўно ўжо стаў модай. А яна, як правіла, дыктуе з’яўленне новых відаў розных напрамкаў на любы густ. Чым толькі людзі цяпер не займаюцца: фітнэсам, стрэтчынгам, ёгай, зумбай, аквааэробікай, ходзяць у трэнажорную залу, бегаюць, танцуюць…

Дзякуючы сваёй карысці для здароўя, фарміраванню прыгожай фігуры і рэабілітацыі папулярным напрамкам ва ўсім свеце, а цяпер і ў нас у Шуміліне, стаў пілатэс. Гэта методыка практыкаванняў названа ў гонар яе вынаходніка. Ёзаф Пілатэс – нямецка-амерыканскі трэнер і стваральнік унікальнай серыі фізічных практыкаванняў, якія дапамагаюць палепшыць постаць, каардынацыю, сілу і гнуткасць, пазбавіцца ад боляў у спіне і суставах, справіцца з галаўнымі болямі і стрэсавым станам.

У Шуміліне спартыўную любоў да пілатэса прывівае трэнер Вікторыя Дубко, якая працуе ў фітнес-індустрыі з 2012 года. Першая група сабралася на заняткі ў 2014 годзе. Тады адкрыццё пілатэса стала неабходнасцю, зыходзячы з запытаў людзей, якія хацелі займацца спортам, але не маглі наведваць актыўныя віды трэніровак па стане здароўя. Аднак адразу жадаючых было няшмат і вялікага поспеху не здарылася.

«Многія не разумелі, што гэта такое, – падзялілася Вікторыя. – І нават пры сваёй вялікай сусветнай папулярнасці пілатэс недаацэньвалі ў нас. На самой справе ён з’яўляецца самым граматным, складаным і цікавым накірункам фітнесу. Яго называюць «скульптарам цела», таму што падчас заняткаў прапрацоўваюцца глыбокія мышцы, і толькі ў пілатэсе чалавек вучыцца кіраваць сваім целам. Да таго ж такія заняткі падыходзяць для любой узроставай катэгорыі, толькі падыход з улікам фізічнай падрыхтоўкі, наяўнасці траўмаў або аперацый можа адрознівацца».

Перад непасрэдным знаёмствам з пілатэсам Вікторыя рэкамендуе пракансультавацца з урачом, а на саміх занятках ніколі ні пра што не замоўчваць, калі нешта турбуе.

Чатыры гады таму пасля моцнага ўдару паяснічнай зоны Юлія Русецкая па парадзе Вікторыі Дубко трэніроўкі аэробікай замяніла на пілатэс. «Аднаўленне прайшло так хутка, што я нават не паспела заўважыць, прайшлі і болі ў спіне», – успамінае Юлія. – Цяпер пілатэс для мяне – не толькі карысная звычка, але і прыбаўленне сіл і энергіі, правільная постаць, павышэнне вынослівасці».

Другі год займаецца пілатэсам Наталля Бурлакова. Ён дапамог ёй пазбавіцца ад болю ў паясніцы. «Мне падабаецца сама па сабе работа з целам, я люблю спакойныя заняткі, а з-за таго, што трэніроўкі па пілатэс яшчэ заўсёды і разнастайныя, то можна прапрацаваць усе групы мышцаў».

Трохгадовы стаж у пілатэсе ў Ірыны Гумінскай: «Нагрузка і расслабленне – лепшае спалучэнне для ўмацавання цела і духу, зняцця напружання і негатыўных эмоцый. Пілатэс дапамагае мне адчуваць сябе больш упэўнена і павышае самаацэнку».

З-за болю ў спіне ад сядзячай работы ўжо на другі сезон пілатэса прыйшла Анастасія Пахоменка: «Я абрала дадзены кірунак, таму што менавіта гэтыя трэніроўкі ўмацоўваюць мышцы спіны, а для мяне гэта вельмі важна. Я вырашыла сваю праблему пры дапамозе пілатэса і працягваю далей дапамагаць свайму целу быць здаровым». Перад Вольгай Каўгуновай стаяла мэта справіцца з болямі і некамфортнымі адчуваннямі ў целе, скарэкціраваць вагу і ўмацаваць мышцы. «Акрамя выканання маіх асноўных пажаданняў пасля кожнага занятка ў мяне паляпшаецца настрой і павышаецца працаздольнасць» – адзначыла яна.

Заняткі праходзяць у Шумілінскім фізкультурна-аздараўленчым  цэнтры па панядзелках, серадах і пятніцах з 20.00 да 20.45. Тэлефон для даведак-5-06-15.

І памятайце: здароўе – гэта тое, што патрэбна кожнаму чалавеку ў любым узросце!

Дар’я ЧАПУРНОВА.

 

ПІЛАТЭС ПАДЫДЗЕ, КАЛІ Ў ВАС:

перыядычна ўзнікаюць болі ў спіне; лішняя вага; маларухомы лад жыцця; сядзячая работа, вы хочаце ўмацаваць мышцы, палепшыць гнуткасць; пакутуеце ад астэапарозу або артрыту, маеце патрэбу ў аднаўленні пасля

траўмы; жадаеце падтрымліваць фізічную форму падчас цяжарнасці, імкняцеся да хуткага аднаўлення пасля родаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *