Сябры пазнаюцца ў бядзе
На мінулым тыдні ва УП ЖКГ Шумілінскага раёна ўшаноўвалі работнікаў прадпрыемства, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у ліквідацыю наступстваў стыхіі, якая пагаспадарыла гэтым летам на тэрыторыі Першамайскага сельсавета суседняга Гарадоцкага раёна.
З узнагародамі на прадпрыемства завіталі намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама Валерый Ждан і начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч.
Валерый Ждан узгадаў падрабязнасці той надзвычайнай сітуацыі, у якой апынуліся гарадаччане. Ліпеньскі ўраган літаральна за 5 хвілін накрыў два населеныя пункты – Вархі і Прудок, у выніку чаго больш за 40 жылых дамоў часткова ці поўнасцю засталіся без дахаў. Раённая камунальная служба зразумела, што сваімі сіламі аператыўна справіцца не зможа, таму і звярнуліся за дапамогай да бліжэйшых суседзяў. Брыгада шумілінцаў выехала хутка і неадкладна, плённа працавала на аднаўленні дахаў, не лічачыся з уласным часам. Агульнымі намаганнямі за чацвёра сутак дахі жылых дамоў былі поўнасцю адноўлены. І такім чынам жыльцоў не прыйшлося высяляць ці перасяляць.
Ад імя кіраўніцтва Гарадоцкага раёна Валерый Ждан уручыў Ганаровыя граматы Гарадоцкага райвыканкама муляру Дзмітрыю Калеснікаву і начальніку падраздзялення «Шумілінскае» Юрыю Лосеву і выказаў шчырыя словы ўдзячнасці памочнікам.
Начальнік Шумілінскага РАНС Андрэй Сасновіч перадаў шчырыя словы падзякі ад імя начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Мялешкіна і ўручыў Падзякі сталяру Аляксею Васілеўскаму і вадзіцелю аўтамабіля Івану Лапавухаву.
Дырэктар УП ЖКГ Шумілінскага раёна Аляксей Шпакаў дадаў, што ўсе чацвёра работнікаў будуць прэміраваны.
Алена КАРПУШЭНКА.



