На дзіцячай тусоўцы ў «музыкалцы» – аншлаг
Школьную форму змянілі святочныя ўборы, у руках – не нотныя сшыткі, а карнавальныя атрыбуты, а замест урокаў – «гарачая» дыскатэка.
Напрыканцы мінулага тыдня ў сценах Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў педагогі, вучні і іх бацькі арганізавалі гучнае пераднавагодняе свята.
Дарослыя называюць такое мерапрыемства карпаратывам, а дзеці – ранішнікам, хаця адбыўся ён увечары. Менавіта ў гэты час усе вакол запальваюць агні ілюмінацыі і ствараюць атмасферу чараўніцтва.
Сёлета на дзіцячай тусоўцы ў “музыкалцы” быў аншлаг. Школа сабрала поўную залу выхаванцаў усіх узростаў. Каля ёлкі можна было сустрэць снягурак, сняжынак, міні-дзедаў Марозаў, лісічку, вожыка і шмат іншых навагодніх герояў, якія ўвасобілі таленавітыя вучні ў сваіх навагодніх касцюмах і сукенках.
Незабыўным свята зрабілі персанажы-вядучыя «Шыварат» і «Навыварат». Пад іх маскамі хаваліся аўтар сцэнарыя Ганна Каламіец і намеснік дырэктара школы педагог Алена Фёдарава.
Па класіцы жанру дзеці разам з педагогамі і бацькамі вадзілі карагод, гулялі ў снежкі, крычалі «ёлачка, гары», расказвалі вершы Дзеду Марозу і Снягурцы. Але самым яркім і доўгачаканым момантам стала танцавальная частка. Запальныя танцы вучняў пад сучасныя музычныя трэнды разарвалі танцпляцоўку.
«Гэта мерапрыемства для школы стала добрай традыцыяй. Кожны год мы з задавальненнем рыхтуем новую забаўляльную праграму для дзяцей, каб і ў нашай установе адукацыі ў іх было сваё свята, свой Новы год», – падзялілася дырэктар ДШМ Алена Сцяпанава.
Дар’я ЧАПУРНОВА.


