Шумилинский универмаг: примерка как испытание

Общество Экономика

Прымерка як выпрабаванне
Нядаўна прачытала, што вучоныя ўжо навучыліся здабываць энергію з дапамогай вірусаў,  а японцы вынайшлі тканіну, ад якой можна зараджаць тэлефон,  свет і радыё можна ўключаць, усяго пляснуўшы ў далоні. Людзі смела карыстаюцца  3D, 5D, а можа ўжо і больш D  фарматамі. Карацей, шпаркасць развіцця тэхнічнага прагрэсу не можа не ўражваць…
А ў шумілінскім універмагу па-ранейшаму няма прымерачнай.  Ну, зусім няма – гэта, канешне, няпраўда. Яна ёсць. І люстэрка там прадугледжана, і нават святло запальваецца, што нямала здзіўляе жадаючых пакарыстацца гэтай зручнасцю. Бо ад гэтага, так сказаць, пакойчыка, аддзеленага ад сусвету і чужых вачэй няўпэўненай у сабе шторкай, такой раскошы ніхто не чакае.
Дык вось, прыйшла ты ў магазін, выбрала сукенку, а мо і нешта больш інтымнае, што таксама прымяраць дазваляецца, і думаеш: рызыкнуць — не рызыкнуць? Мужчыны, як правіла, не рызыкуюць. Яны, аказваецца, куды больш сціплыя і сарамлівыя за нас, жанчын, і здымаць, прабачце, штаны ў такой прымерачнай дакладна не стануць (гэты факт, верагодна, улічваюць, калі фарміруюць асартымент: выбар мужчынскага ў магазіне такі ж сціплы, як і яны самі). Нельга замоўчаць і тое, што сітуацыя гэта нас ужо нават і не абурае. Мы, мясцовыя, настолькі  прывыклі да прапанаванага ўзроўню сэрвісу, што такая дробязь падаецца нам ледзьве не нормай жыцця.
Мы непатрабавальныя, непераборлівыя: зашморгнулі шторку, распрануліся з хуткасцю матроса падводнай лодкі, нацягнулі на сябе нешта ў тым жа рытме і – задаволеныя. І не зважаем нават на рэжым свежасці марознага ранку ў кабінцы (гэта, праўда, толькі зімой).
Зрэшты, махнуць рукой можна і на факт, што і кабінка тая са шторкай амаль нічога не хавае: прыкрыўся з аднаго боку – другі адкрываецца. З такім жа поспехам распранацца можна  ў любым зацішным кутку магазіна. Ды і каб разглядзець сябе ў люстэрку, прый-дзецца выйсці і прадэманстраваць усім свае намеры.
Карацей, гэты сэрвіс разлічаны на ўпэўненых у сабе людзей, з высокай самаацэнкай, без якіх бы там ні было комплексаў ці лішніх кіло. Калі вы не такі, едзьце ў свет, вязіце туды свае грошы, купляйце іхнія сукенкі, рабіце прымеркі ў іхніх цыві-лізаваных прымерачных.
Наталля ЯГОРКІНА.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *