ДАБРАЧЫННАЯ АКЦЫЯ «АД УСЁЙ ДУШЫ». Яркае завяршэнне
14 студзеня ў раёне ярка завяршылася дабрачынная акцыя «Ад усёй душы». Урачыстасці прайшлі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў ТЦСАН.
«У перыяд дабрачыннай акцыі, якая доўжылася з 23 снежня да 14 студзеня, людзі добрых сэрцаў дарылі клопат і ўвагу ветэранам працы, людзям мудрым і дастойным павагі, – адзначыла дырэктар ТЦСАН Таццяна Донюш. – У вашых маршчынах – цэлы летапіс жыцця, у руках – цеплыня і вопыт. Ад усёй душы віншую ўсіх з навагоднімі і каляднымі святамі, жадаю бадзёрасці, здароўя і аптымізму».
Работнікі цэнтра ўручылі кожнаму падапечнаму аддзялення падарункі, зробленыя на гуртках. Да свята была падрыхтавана справаздачная фотавыстава аб дапамозе людзям залатога ўзросту падчас акцыі. Загадчыца аддзялення Вольга Зянькова, віншуючы са святам, падзякавала спонсарам за падарункі: райвыканкаму, раённаму цэнтру культуры (сродкі, выручаныя на канцэрце «Якога колеру Ражаство?», пойдуць на набыццё мэблі), РАНС, Мішневіцкай школе, раённай арганізацыі РГА «Беларускі фонд міру».
Задорны канцэрт падарылі падапечным аддзялення работнікі раённага цэнтра культуры. Немагчыма было ўсядзець на месцы – многія кінуліся танцаваць. Добры настой быў забяспечаны!
Ларыса КІСЯЛЁВА.

