Працуюць па заяўках, не на склад
ТАА «ВЕЖА» працуе рэнтабельна і дабіваецца новых вытворчых вынікаў. Задаволены і леташнімі: аб’ём вытворчасці склаў 116,7%, рэалізацыя прадукцыі – 111,5%, грашовая выручка – 160,5%.
Зараз ТАА «ВЕЖА» выпускае больш за паўсотню розных відаў напіткаў. Паколькі вытворчасць заснавана прадстаўнікамі дзвюх краін – Беларусі і Расіі, цесна супрацоўнічаюць не толькі з гандлёвымі сеткамі нашай рэспублікі, але і з расійскімі. «ВЕЖА» працуе не на склад, а па заяўках – вырабленая прадукцыя адгружаецца практычна адразу і едзе да заказчыка. Буйныя заказы былі перад Новым годам, толькі аднаго сідра адправілі 220 тысяч бутэлек.
«За 2024-2025 гады па аб’ёмах вытворчасці прыраслі ў два з паловай раза, –
кажа дырэктар Святлана Мікалайчык. – Такі вынік – старанная работа ўсяго
калектыву. Летась мы вырабілі прадукцыі 295,9 тысячы дал – палова яе адпраўлена ў гандлёвыя сеткі краіны, другая – у Расійскую Федэрацыю. Час і рынак дыктуюць умовы працы: трэба ўвесь час рухацца наперад, удасканальвацца, паляпшаць умовы работы, пашыраць вытворчасць. У мінулым годзе закупілі новую сучасную халадзільную ўстаноўку, дзве “Газелі” для развозу прадукцыі, замянілі некалькі дзвярэй на ПВХ, адрамантавалі пральню і складское памяшканне. Што тычыцца новых відаў прадукцыі, асвоілі выпуск шорлі – яблычнага элітнага напітку на аснове натуральнага соку без цукру. Соку ў гэтым напітку 60%, а таксама розныя экстракты – гранат, маліна, груша… Параўнальна нядаўна мы распачалі выпуск напітка «Флёр», трох відаў «Пузіроўкі» – са смакамі журавін, маліны-яблыка і апельсіна. Увогуле прытрымліваемся пазіцыі, што новыя віды прадукцыі павінны заяўляць кожны год. Штогод удзельнічаем у выставе «Продэкспа», якая праходзіць у Маскве. У снежні мінулага года нас запрасілі на выставу сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу Віцебскай вобласці, якая праходзіла ў Мінску, – гэта прызнанне нашай паспяховай работы».
А што ў планах на новы год?
На «ВЕЖЫ» маюць нямала планаў па ўдасканаленні вытворчасці і выпуску новых відаў прадукцыі. Так, запланаваны рамонт лабараторыі і будаўніцтва новай кацельні на газу. Магутнасці сённяшняй, якая працуе на мясцовых відах паліва, ужо не хапае для пашыранай вытворчасці. Ды і па падліках эканамістаў, ацяпленне на газу абыдзецца ў разы дзешавей.
Плануюць працягваць супрацоўнічаць з буйнымі гандлёвымі сеткамі Расійскай Федэрацыі – «Ашан», «Самакат», «Глобус», «ВкусВилл» і інш. Сярод новых заказчыкаў – расійскія маркетплейсы «Азон» і «Яндэкс. Лаўка». Ужо сёння ад «Яндэкс. Лаўка» ёсць буйны заказ на сідр безалкагольны з рознымі смакамі на чэрвень-ліпень – у гэтыя месяцы будзе праходзіць чэмпіянат свету па футболе.
Што тычыцца новых відаў прадукцыі, то ўсе сакрэты кіраўніцтва прадпрыемства нам не раскрыла. Падзялілася толькі, што мяркуюць выпускаць соджу – карэйскі напітак з дабаўленнем розных эфірных алеяў, а таксама напітак з прабіётыкамі без цукру, які здольны не толькі наталіць смагу, але і стаць карысным для стрававання. Пачакаем, пакаштуем!
Ларыса ЗАЙЦАВА

