Делегация Шумилинского района приняла участие в областных «Дожинках-2017» в Дубровно

Актуалии Экономика

Дасягненні аграпрамысловага комплексу – агульны вынік штодзённай напружанай працы
30 верасня ў Дуброўна падчас абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017” прайшло ўшанаванне перадавікоў жніва. У святочных мерапрыемствах брала ўдзел і дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Снаравым.

На «Дажынкі» ў Дуброўна прыехала і дэлегацыя нашых сяброў з Вялікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці Расіі.
Адкрываючы свята, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў: “Ад становішча спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць устойлівае развіццё грамадства, харчовая бяспека дзяржавы, поспех рэгіёна. Дасягненні аграпрамысловага комплексу – гэта вынік паўсядзённай напружанай працы як простых працаўнікоў сельскай нівы, перапрацоўчых і абслугоўваючых арганізацый, фермераў, так і спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных-аграрыяў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці і моладзі, работнікаў сацыяльнай і культурнай сферы”.
Кіраўнік вобласці адзначыў складаныя ўмовы надвор’я, у якіх прыйшлося сёлета працаваць хлебаробам Віцебшчыны. Тым не менш, вобласць сабрала больш за мільён тон збожжа, што на 170 тысяч тон вышэй за мінулагодні паказчык.
Мікалай Шарснёў падвёў вынікі жніва і назваў лепшых. Так, прадпрыемства “Ларынаўка” Аршанскага раёна атрымала ўраджайнасць збожжавых 84,8 ц/га, «Альгоўскае» і «Рудакова» Віцебскага раёна – 66,8 ц/га і 66,3 ц/га адпаведна. 275 экіпажаў камбайнаў намалацілі больш за тысячу тон, а Сяргей Грэкаў і Алег Сушкевіч з філіяла “Задняпроўскі” ААТ “Аршанскі КХП” устанавілі абсалютны рэкорд вобласці, намалаціўшы 4 717 тон зерня.
Сярод раёнаў вобласці першае месца прысуджана Віцебскаму раёну, другое – гаспадарам свята – Дубровенскаму, трэцяе падзялілі Верхнядзвінскі, Полацкі і Аршанскі раёны. Пераможцы спаборніцтва атрымалі дыпломы, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.
Кіраўнік вобласці адзначыў і перспектыўныя напрамкі развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта  павелічэнне да 120 тысяч га пасеваў зернебабовых культур, столькі ж рапсу. Захоўваецца задача стварэння і развіцця стабільнай кармавой базы, павелічэння аб’ёмаў нарыхтоўкі травяных кармоў.
Папрыгажэў горад Дуброўна. У ходзе “Дажынак” былі адкрыты новая дзіцячая пляцоўка, фантан у гарадскім скверы, зала ўрачыстых абрадаў загса. Новае аблічча ў горадзе набылі больш за 300 аб’ектаў сацыяльнай сферы, вытворчыя прадпрыемствы, жылыя дамы.
Да свята былі прымеркаваны шматлікія выставы, конкурсы, акцыі. Сапраўднае феерычнае шоу з прыцягненнем паветранай і наземнай пажарнай і выратавальнай тэхнікі прадэманстравалі на гарадскім стадыёне супрацоўнікі МНС.
Да апоўначы не сціхалі канцэрты на галоўнай сцэне, што размясцілася на цэнтральнай плошчы Дуброўна. Дубровенцы і госці з больш чым 60 рэгіёнаў Беларусі і Расіі з вялікай цікаўнасцю абыходзілі выставачныя пляцоўкі, слухалі канцэртныя нумары, частаваліся ў гандлёвых радах.
З асаблівай увагай прыглядалася да святочных мерапрыемстваў дэлегацыя Верхнядзвінскага раёна, бо менавіта Верхнядзвінск абраны сталіцай “Дажынак-2018”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №77 ад 03.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *