Секретами выращивания микрозелени делится жительница Шумилино

Здоровые города и посёлки Мир увлечений

Мікразеляніна для максімальнай карысці

За акном трашчыць мароз, а на падаконніках стаяць скрыні з вітаміннай зелянінай. Некаторыя яе вырошчваюць самі, а не шукаюць на паліцах магазінаў.

Для Алесі Шабулдаевай з райцэнтра вырошчваць мікразеляніну не ў навінку. Гэтай справай яна займаецца ўжо пяць гадоў. Сяўбу распачынае ў студзені, насенне купляе ў шумілінскіх магазінах.

Карыстаецца двума варыянтамі вырошчвання: на льняных дыванках і ў грунце для парніковай расады (заказвае на маркетплэйсах). «Нічога складанага ў вырошчванні няма, было б жаданне, – усміхаецца Алеся. – Рассыпаю насенне (галоўнае – не загусціць) па загадзя палітых грунце ці льняных дыванках, накрываю на два-тры дні празрыстымі накрыўкамі. Пры з’яўленні ўсходаў накрыўкі здымаю, паліваю па меры неабходнасці. Зеляніна расце даволі хутка – праз два тыдні пасля ўсходаў ужо можна збіраць першы ўраджай. Мікразеляніна – гэта маленькія парасткі культурных раслін, якія вырошчваюцца да фазы двух лістоў і зразаюцца. Вітамінаў, розных мікраэлементаў і антыаксідантаў у іх намнога больш у параўнанні са спелымі аналагамі. Па смаку яны нагадваюць дарослыя расліны, але больш пяшчотныя і пікантныя. Зеляніна гароху і капусты падабаецца тым, хто любіць салодкае, радыска і гарчыца маюць, зразумела, востры смак. Асабліва мне падабаецца рукала з яе арэхава-гарчычным адценнем, а таксама шпінат з яркім насычаным смакам».

Першую порцыю ўраджаю на падаконніку сям’я Шабулдаевых ужо з’ела. Зараз на падаконніку стаяць чатыры скрыні з мікразелянінай. У дзвюх ураджай на падыходзе – хутка пойдзе на зрэзку.

У асноўным гаспадыня робіць з зеляніны салаты – дадае ў іх таксама розную гародніну. Можна рабіць з яе бутэрброды, дадаваць у амлет – прыгожа, смачна і карысна.

Алеся Шабулдаева падзялілася з чытачамі газеты парадамі па вырошчванні мікразеляніны:

* Для вырошчвання мікразеляніны патрэбны спецыяльнае насенне, яно прадаецца літаральна ва ўсіх насенных магазінах.

* Мікразеляніна выдатна расце на падаконніку ці нават на стале, які стаіць каля акна.

* Для зеляніны патрэбна шмат святла.

* Паліваць усходы трэба з дапамогай распыляльніка, бо насенне і парасткі далікатныя. Заліваць нельга! Паліў – адзін раз у два-тры дні.

* Зрэзаную мікразеляніну трэба захоўваць у шчыльна закрытым кантэйнеры пры тэмпературы 2-6 градусаў не больш 5 дзён.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *