Максим Пашкевич дорос до персональной выставки

Мир увлечений Молодёжь Образование

Настрой яго душы

У цэнтры дзяцей і моладзі арганізавана індывідуальная выстава работ Максіма Пашкевіча “Цудоўны свет з дрэва”, які наведвае заняткі па інтарэсах “WOOD-майстар” пад кіраўніцтвам Аляксандра Пціцкага.


Максім прыйшоў у гурток па дрэваапрацоўцы яшчэ ў пачатковых класах. Затым захапляўся шахматамі, саломапляценнем. Шукаў, да чаго душа больш ляжа. У сёмым класе зноў вярнуўся да “WOOD-майстра”, гэтыя заняткі па інтарэсах Максім (ён сёлетні выпускнік СШ №1) наведвае і зараз. За пяць гадоў у гуртку зроблена нямала работ. Самыя значныя з іх – шкатулкі, пано “Святы Мікалай Цудатворца”, люстэрка “Лясныя жыхары” і многія іншыя – хлопец прынёс на выставу.
“Максіму цікавыя розныя тэхнікі разьбы па дрэве, – кажа педагог дадатковай адукацыі Аляксандр Пціцкі. –  Калі ён бярэцца за справу, то ўсё робіць ідэальна. Хлопец кожны год удзельнічае ў розных конкурсах у вобласці, на яго рахунку нямала перамог. Напрыклад, летась на абласным конкурсе па дрэваапрацоўцы заняў другое месца, а сёлета выйшаў на першае. Роўных нашаму Максіму ў Віцебску не было. Яго работа “Помнік Аляксандру Неўскаму”, якую выразаў на працягу сямі гадзін, уразіла ўсіх.  Да таго ж, хлопец заняў першае месца ў тэарэтычнай частцы конкурсу. Імпануе, што Максім Пашкевіч вытрыманы  і да сваёй мэты ідзе настойліва. Калі што задумае, то абавязкова зробіць. Напрыклад, па сваім жаданні навучыўся ў майстра па лазапляценні Уладзіміра Каласкова плесці кошыкі” .
Дрэваапрацоўка для Максіма Пашкевіча – гэта не толькі захапленне, але і настрой яго душы, менавіта падчас заняткаў у яго часта нараджаюцца вершы. Акунаючыся з галавой  у свет дрэва, хлопец не толькі рэалізуе сябе, але і адпачывае ад разумовага напружання.
Нягледзячы на тое, што ў выпускніка ня-многа вольнага часу, ён не прапускае заняткі, мае планы на лета: спалучыць разьбу па дрэве з інкрустацыяй саломкай. Хлопец упэўнены, што ўсе набытыя веды на занятках па інтарэсах у цэнтры дзяцей і моладзі яму спатрэбяцца ў жыцці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.