Аграрии Шумилинщины готовятся к весеннему севу

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Канюшына
Распачаць сяўбу ў раёне мяркуюць у лютым. Так, менавіта люты лічыцца самым спрыяльным  для сяўбы шматгадовых траў.
Усяго трэба было нарыхтаваць 127 тон насення, у наяўнасці ёсць 144 тоны, расказаў рэдакцыі начальнік раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін А. А. Шалюта. “Са 144 тон нарыхтаванага насення шматгадовых траў ачышчана і паступіла на праверку 99,9 тоны, –  кажа Аляксандр Анатольевіч. – Астатняе насенне з “Лаўжанскага” і “Прыазёрнага міру” здадзена на ачыстку на “Віцебскнасентравы”.
Па бабовых шматгадовых травах. Аблсельгасхарч давёў план нашаму раёну нарыхтаваць 50 тон насення шматгадовых траў.  А старшынёй райвыканкама пастаўлена павышаная задача: засыпаць 70 тон насення, а ёсць толькі 40,6 тоны. Прычым, не хапае ў асноўным насення канюшыны. У “Шумілінскім райаграсэрвісе”, напрыклад, увогуле не паклапаціліся пра насенне, а канюшыну выкарысталі на корм. А цяпер гаспадарцы прыйдзецца набываць насенне на  “Віцебскнасентравах”. А тона канюшыны сёння каштуе больш за трыццаць мільёнаў рублёў. Гэткія грошы прыйдзецца патраціць КУСГП “Мішневічы” і ААТ “Прыазёрны мір”, дзе таксама не хапае насення канюшыны.
На 24 студзеня з бабовых шматгадовых траў у раённую інспекцыю па насенняводству, каранціну і ахове раслін паступіла толькі 25,1 тоны. З некаторых гаспадарак абяцалі прывезці насенне на праверку ў апошнія дні студзеня. Сярод таго насення, што было праверана, чатыры тоны аказаліся некандыцыйнымі па чысціні ў “АграБаравінцы”. Такая ж праблема і ў “Сіроцінскім”: тут трэба нанова ачышчаць шэсць тон насення цімафееўкі. Прычым, зазначае А. А. Шалюта, з гэтай работай трэба паспяшацца: люты ўжо на парозе.
Для падсеву шматгадовых траў у раёне падрыхтавана 17 сеялак, расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу С. Б. Завадскі. І яны будуць працаваць на палетках як толькі зменшацца маразы.
Вапнаванне
У мінулым годзе раёну было даведзена заданне правапнаваць 1400 гектараў палеткаў, справіліся толькі з 1188 гектарамі (гэта 85%). СФГ “Раднік” –  адзіная гаспадарка раёна, дзе з вапнаваннем справіліся поўнасцю.
У “АграБаравінцы” правапнавалі 97%, у “Шумілінскім райаграсэрвісе” 95%, расказала галоўны аграхімік Шумілінскага раёна А. У. Казлова.
Спецыялісты з вобласці летась правялі аграхімічныя даследаванні глебы і на гэты год заданне па вапнаванню даведзена крыху меншае – 1100 гектараў.  Прычым, 96 гектараў патрэбна было правапнаваць у студзені. “Пастараліся, план перавыканалі, – кажа Алеся Уладзіміраўна. – Ужо на 24 студзеня было правапнавана 130 гектараў, гэта на 35% больш запланаванага”. Механізатары “Шумілінскага райаграсэрвісу” вапнавалі глебу на палетках свайго прадпрыемства, працавалі  ў “Ульскім”, “АграБаравінцы”, “Мішневічах”.
На базе райаграсэрвісу зараз знаходзіцца 2470 тон даламітавай мукі. Будуць і яшчэ паступленні, бо вапнаваць палеткі трэба практычна пад усе культуры. Акрамя лёну, які любіць больш кіслую глебу.
Арганіка
Пад яравую сяўбу ў раёне трэба вывезці 320 тысяч тон арганікі. На палеткі вывезена палова да патрэбнага.
Як сведчыць раённая зводка, па вывазцы арганікі на першым месцы ў раёне “Сіроцінскі” – тут справіліся з гэтай работай больш як на 80%.  Нядрэнна працуюць механізатары “Шумілінскага райаграсэрвісу”, толькі палову задання выканалі ў “Ульскім” і “Прыдз-вінскім”. Менш за ўсіх пакуль вывезена ўгнаенняў у “АграБаравінцы” – усяго 33%.
Але арганіку мала проста вывезці ад фермаў, трэба яшчэ ўнесці ўгнаенні на палеткі. Тут спецыялісты райсельгасхарчу выдзяляюць з лепшага боку толькі тры гаспадаркі: “Шумілінскі райаграсэрвіс” (унесена арганікі на палеткі 14 тысяч тон), “Прыазёрны мір” (10,5 тысячы
тон), ААТ “Лаўжанскае” (8,5 тысячы тон).
Па вывазу арганікі ў многіх гаспадарках раёна павінны дапамагаць шэфскія арганізацыі. Але рэальную дапамогу пакуль атрымліваюць толькі ў СФГ “Крыніца” – тут з пачатку студзеня рупяцца механізатары прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *