Мы – частка прыроды. Экалагічнае свята прайшло ў Шумілінскім дзіцячым садзе № 1.
У дашкольнай установе рэалізуецца раённы праект «Фарміраванне асноў функцыянальнай пісьменнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах эколага-развіццёвага адукацыйнага асяроддзя». Адным з мерапрыемстваў стала экалагічная гульня «Мы – частка прыроды».
Удзельнікі мерапрыемства – дзеці, бацькі і запрошаныя госці – здзейснілі інтэрактыўнае падарожжа па экастанцыях, кожная з якіх прапаноўвала свае заданні. Напрыклад, на «Лясной прагулцы» трэба было адрозніць сляды жывёл і даведацца цікавыя факты пра лясных насельнікаў, на станцыі «Смеццевае балота» клапаціліся аб чысціні навакольнага асяроддзя, сартуючы смецце, у «Непраходным лесе» вучыліся правілам паводзін у лесе. Гэтак жа дзеці ўспаміналі казкі па фразах пра экалогію, знаходзілі чацвёртае лішняе, адказвалі, што дрэнна, а што добра, даведаліся, як важна падкормліваць сяброў у халодную пару года, а таксама атрымалі каштоўныя парады па догляду за раслінамі.
Актывісты-бацькі падкрэслілі, што такія мерапрыемствы не толькі пашыраюць кругагляд дзяцей, але і ўмацоўваюць сямейныя ўзаемаадносіны, робяць сумеснае баўленне часу па-сапраўднаму каштоўным. Дырэктар ўстановы адукацыі Кацярына Рабушава расказала, што дадзеная гульня-квэст стала яркім прыкладам таго, як у гульнявой форме можна прывіць дзецям любоў і павагу да роднага краю, паказаць, што кожны з нас – гэта важная частка вялікага прыроднага свету.
Ганаровым госцем на дзіцячым свяце быў інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Шумілінскага лясгаса Аляксандр Дуброўскі. Аляксандр Пятровіч раздаў усім удзельнікам тэматычныя лістоўкі і адзначыў: «Мы вельмі рады, што можам унесці свой уклад у экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення. Сённяшняя гульня паказала, што ў нас растуць цудоўныя дзеці, якія з малых гадоў разумеюць, наколькі важную ролю для нашай будучыні адыгрывае прырода».
Дар’я ЧАПУРНОВА.


