Цікавыя факты пра беларускую сімволіку
10 мая мы святкуем Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. У гонар гэтай падзеі сабралі самыя цікавыя факты пра беларускую дзяржаўную сімволіку.
У Мінску ёсць унікальны не толькі ў маштабах рэспублікі, але і постсавецкай прасторы Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Для яго выдзелілі 600 квадратных метраў у самым цэнтры Мінска – у будынку Адміністрацыі Прэзідэнта. Там сабрана ўся інфармацыя пра цяперашнія герб, сцяг, гімн. Ён стаў сапраўдным летапісам незалежнай Беларусі.
Наша сінявокая – першая ў свеце краіна, якая выкарыстоўвала нацыянальны арнамент у якасці элемента Дзяржаўнага сцяга.
Наш сцяг – адзін з нямногіх у сусветнай гісторыі дзяржаўных сцягаў, які быў прыняты непасрэдна народам краіны ў ходзе галасавання на рэферэндуме – за яго ўсталяванне (разам з новым гербам) выказаліся 75,1% грамадзян, якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскім рэферэндуме 1995 года.
На сцяг арнамент трапіў з рэальнага ручніка. Яго ў 1917 г. вышыла звычайная сялянка з вёскі Касцёлішча Сенненскага раёна Віцебскай вобласці Матрона Маркевіч. У Сянне ёй устаноўлены помнік. Ужо пасля вайны брат жанчыны Міхаіл Кацэр узначаліў сектар фальклору і этнаграфіі ў Акадэміі навук. Калі рыхтаваўся праект новага дзяржсімвала, ён адшукаў эскізы вышыванак сястры. Асабліва яму спадабаўся ўзор з гаворачай назвай «Узыходзячае сонца», які пасля і стаў вядомы на ўвесь свет дзякуючы беларускаму сцягу.
У 2013 г. у Мінску з’явілася плошча Дзяржаўнага сцяга. У цэнтры яе знаходзіцца 70-метровая стэла, на якой усталяваны вялікі дзяржаўны сцяг. Яго плошча складае 98 м2, а вага – 25 кг.
Эталоны дзяржаўнай сімволікі захоўваюцца на 18-м паверсе Нацыянальнай бібліятэкі. Тры варыянты герба (чорна-белы, залаты і каляровы) і сцяг на папяровых лістах фармату А4. Яны ідэальныя! Менавіта па іх тыражуюцца астатнія выявы па ўсёй краіне.
Апошнія змены ў малюнку герба былі зацверджаны ў студзені 2021 года. Контур краіны быў павялічаны ў памеры і атрымаў залацістую афарбоўку, прамяні чырвонай пяціканцовай зоркі сталі менш вострымі, змяніліся формы каласоў, канюшыны і лёну. Мацерыкі на зямным шары цяпер афарбаваныя цёмна-аранжавым колерам замест сініх. Зямны шар цяпер разгорнуты так, каб Беларусь займала на ім цэнтральнае становішча.
У 2002 годзе актыўна разгарнулася работа па выбары галоўнай песні краіны. Грамадзяне краіны аддалі перавагу музыцы Нестара Сакалоўскага.

