Год беларускай жанчыны – нагода згадаць пра гераінь, хто паказваў прыклад стойкасці, мужнасці і гераізму ў Вялікую Айчынную вайну.
Нямала жыхарак раёна плячо ў плячо з мужчынамі ваявалі на франтах, у партызанах, у тыле ворага. Яны змагаліся са зброяй у руках, распаўсюджвалі лістоўкі, былі сувязнымі. Яны забывалі пра свае мірныя прафесіі і станавіліся разведчыцамі, радысткамі, медсёстрамі. Як маглі, набліжалі перамогу. Рэдакцыя раённай газеты сумесна з Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем раскажа пра такіх у праекце «Жаночы твар вялікай вайны». І пачаць мы вырашылі з Наталлі ГЕРМАН, камсамолкі, члена партыі, сапраўднага партыёта краіны.
«За радзіму, за гонар, за свабоду ўзнімайцеся, маладыя арляняты!»
Наталля Герман нарадзілася ў Віцебску 26 снежня 1912 года. Праз год сям’я пераехала ў вёску Пагарэліца Пагарэліцкага сельсавета Сіроцінскага раёна, дзе займалася земляробствам. У 1923 годзе перабраліся ў вёску Бакачы. З 1921 па 1924 год Наталля вучылася ў Альховіцкай пачатковай школе Пагарэліцкага сельсавета. А потым чатыры гады працавала па найме ў прыватных гаспадароў. У 16 год была прынята вучаніцай Сіроцінскай райспажыўкааперацыі, а потым працавала тут жа загадчыкам аддзела. Адначасова вучылася ў вячэрняй школе, дзе закончыла сем класаў.
У 1936 годзе па рашэнні РК ЛКСМБ Наталлю перавялі піянерважатай у Лаўжанскую НСШ, дзе адпрацавала два гады. У 1939 годзе была прызначана загадчыкам райгандальаддзела Сіроцінскага райвыканкама.
«Радзіма кліча вас на слаўныя подзвігі»
У маі 1942 года Наталля Герман была накіравана ў Маскву на курсы партыйна-камсамольскіх работнікаў пры ЦК УКПБ, дзе яе рыхтавалі для падпольнай работы. У ліпені яна ўжо знаходзілася ў партызанскай брыгадзе імя Леніна (там прабыла два гады – да ліпеня 1944 г.). Удзельнічала ў некалькіх баявых аперацыях, у адной з якіх атрымала раненне ў плячо. Наталля Герман была прызначана сакратаром падпольнага Сіроцінскага райкама ЛКСМБ, адначасова была членам бюро райкама КПБ і памочнікам камісара брыгады імя Леніна па камсамольскай лініі. Наталля Герман арганізавала ваеннае абучэнне камсамольцаў. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам было падрыхтавана 327 кулямётчыкаў, 148 мінамётчыкаў, 56 санінструктараў, 20 падрыўнікоў, 37 гранатамётчыкаў. Таксама было створана 9 дыверсійных камсамольска-маладзёжных груп, якія толькі за два месяцы пусцілі пад адхон дзесяць варожых эшалонаў.
Наталля Герман правяла вялікую работу па стварэнні дзесяці камсамольскіх арганізацый у партызанскіх атрадах, таксама былі створаны і 19 падпольных арганізацый.
У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі захаваліся звесткі пра тое, што камсамольцы раёна дапамагалі ў зборы зброі для партызан, распаўсюджвалі лістоўкі сярод насельніцтва. Вось змест адной з лістовак, датаванай 1942 годам і напісанай ад імя Цэнтральнага Камітэта ЛКСМБ: «Да моладзі Беларусі! Прачытай і перадай другому. Таварышы камсамольцы, камсамолкі, юнакі і дзяўчаты Беларусі! Радзіма кліча вас на слаўныя подзвігі. Усе, як адзін, з вінтоўкамі, косамі, віламі ідзіце на ворага! Кроў закатаваных гітлераўскімі бандытамі матак, жонак, сясцёр і дзяцей кліча да суровай і бязлітаснай расправы над ворагам. За радзіму, за гонар, за свабоду ўзнімайцеся, маладыя арляняты!».
Самалёт «Камсамол Віцебшчыны»
Наталля Герман была ініцыятарам збору сродкаў на пабудову самалёта «Камсамол Віцебшчыны». Вядома, што было сабрана 26715 руб. грашыма, 98205 руб. аблігацыямі і 15 руб. золатам, на той час гэта былі вялікія грошы. «Мы праводзілі сход у вёсцы Запалянка. Людзі з разуменнем і цікавасцю слухалі кожнае наша слова, – чытаем успаміны Наталлі Герман, якія захаваліся ў музеі. – З глыбокім жалем была ўспрынята вестка аб трагічнай гібелі юнага партызана Толіка Букарава. Калі пачаўся збор сродкаў, з натоўпу выйшаў сівенькі дзядок Місурагін і накіраваўся да сваёй хаты. Хутка ён вярнуўся з прыціснутай да грудзей срэбранай статуэткай. «Семдзесят гадоў была яна ў мяне, – сказаў стары. – А сёння вырашыў аддаць адзіную каштоўнасць дзеля абароны нашай свяшчэннай зямлі».
За мужнасць і гераізм, за вялікую работу па стварэнні камсамольскіх арганізацый у час Вялікай Айчыннай вайны Наталля Герман узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1 ступені.
Мірны час
Пасля вайны Наталля Леанідаўна працавала начальнікам райаддзела кінафікацыі Сіроцінскага раёна, старшым дзяржінспектарам інспекцыі Дзяржстраху па Сіроцінскім раёне, загадчыкам Сіроцінскай цэнтральнай ашчаднай касы. Наталля Герман сябравала з рэдакцыяй раённай газеты – прыносіла допісы-ўспаміны пра партызанскі рух, пра баі. А аднойчы прывяла і свайго сына Уладзіміра Батакова, які пасля тэрміновай ваеннай службы шукаў работу. Уладкаваўся ў рэдакцыю карэспандэнтам, а потым некалькі гадоў быў і галоўным рэдактарам «Герой працы». На жаль, сын Уладзімір вельмі рана пайшоў з жыцця…
«Для яе не існавала дрэнных людзей»
– Мне пашчасціла быць нявесткай Наталлі Герман – пабралася шлюбам з яе сынам Аляксандрам, – падзялілася ўспамінамі Святлана Якаўлеўна Батакова, якая зараз жыве ў в. Міхалова. – Яна была дабрадушным чалавекам, клапатлівай маці, любячай бабуляй. Для яе не існавала дрэнных людзей. Вельмі дапамагала нам з мужам даглядаць дзяцей (у нас іх пяцёра). Наталля Леанідаўна дапамагала выхоўваць і траіх дзяцей сына Валодзі. Свякроў вельмі любіла збіраць грыбы. А вось пра вайну практычна не расказвала, толькі драбніцы і зрэдку, калі даваў пра сябе знаць ваенны адгалосак – рэзкі боль пад лапаткай ад ранення. «Паглядзіце лепш кіно пра вайну, там хоць не так жудасна, як было на самой справе», – не аднойчы гаварыла Наталля Леанідаўна, калі нехта настойваў на ўспамінах. Памерла яна пасля цяжкай хваробы 27 мая 1996 года, пражыла амаль 84 гады. Яшчэ пры жыцці папрасіла пахаваць яе побач з сынам Валодзем і нявесткай Раяй на Крупчанскіх могілках. У мінулым годзе мае сыны паставілі бабулі новы помнік. Мы ўшаноўваем памяць нашай дарагой Наталлі Леанідаўны, цудоўнай жанчыны і маці, патрыёта сваёй краіны, чый подзвіг у час Вялікай Айчыннай быў неацэнны для радзімы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

