Графік – шчыльны, настрой – баявы
З сяўбой ранніх яравых зерневых культур, аднагадовых і яравога рапсу ў ААТ «Прыазёрны мір» справіліся, зараз вядуць падрыхтоўку глебы і сяўбу кукурузы на сілас.
Галоўны сейбіт у гаспадарцы – Мікалай Жыгуноў. Ён і ў сваім сельгаспрадпрыемстве палеткі сеяў, і дапамагаў ААТ «Ляжні» засяваць яравы рапс. Мы сустрэліся з механізатарам на палетках каля Войлавіч, дзе ён рыхтаваў глебу на трактары з культыватарам.
«Працую на сяўбе шаснаццаты год. Сёлета на шасцімятровым пасяўным агрэгаце АПП-6Д вытворчасці Віцебскага маторарамонтнага завода адсеяў 150 гектараў яравых зерневых элітным насеннем, – расказаў Мікалай Жыгуноў. – Засяваў да трыццаці гектараў за дзень – столькі пад сілу выканаць практычна кожнаму вопытнаму механізатару. Зерне пшаніцы набылі ў СФГ «Раднік», авёс – у ТАА «Віцебскае насенне траў». Засеяў таксама 50 гектараў яравога рапсу, столькі ж аднагадовых, якія пойдуць на сянаж. Гатова і 100 гектараў палеткаў кукурузы на зерне. Некалькі дзён таму прыступілі да сяўбы кукурузы на сілас, усяго мяркуем засеяць 300 гектараў. Асаблівая ўвага – нарыхтоўцы кармоў, без якіх немагчыма існаванне жывёлагадоўлі. Варта назапасіць 7 тысяч тон сіласу і 6,5 тысячы тон сенажу. Так што графік у нас шчыльны, а настрой – баявы».
Мікалай Жыгуноў падчас корманарыхтоўкі перасядзе на новенькі кормаўборачны камбайн, які гаспадарка дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы атрымала летась. Новая тэхніка эканамічная і замяняе адразу тры адзінкі тэхнікі, бо не патрэбна ні каса, ні граблі. КВК косіць, здрабняе і засыпае зялёнку адразу ў прычэп.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

