Готовность пляжей к купальному сезону обсудили на заседании президиума районного Совета депутатов

Власть Здоровые города и посёлки Общество

АБМЕРКАВАНА  НА  ПАСЯДЖЭННІ  ПРЭЗІДЫУМА  РАЙСАВЕТА  ДЭПУТАТАЎ

Пляжы правяраюцца, прафілактыка ўзмацняецца

Падрыхтоўка да купальнага сезона стала адной з ключавых тэм пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое правёў старшыня Руслан Матвейчук. У цэнтры ўвагі – гатоўнасць пляжаў, бяспека людзей на вадзе і прафілактычная работа з насельніцтвам. Справаздачу падрыхтавала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва‑камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Карпава.

Шумілінскі раён – тэрыторыя з багатай воднай сеткай: 78 рэчкамі і ручаямі, 87 азёрамі. Але не ўсе вадаёмы прыдатныя для купання. У каналах, сажалках і абводненых кар’ерах купанне забаронена – сельвыканкамам даручана абазначыць гэтыя месцы папераджальнымі таблічкамі.

Вызначаны тры афіцыйныя пляжы – на азёрах Шумілінскае, Лескавіцкае і Будавесць, аб’екты замацаваны за адказнымі арганізацыямі, якім неабходна падтрымліваць тэрыторыю ў парадку. Пэўным службам варта праводзіць ачыстку дна, прыбіраць прыбярэжную расліннасць, кантраляваць якасць вады і забяспечваць адпаведнасць пляжаў Правілам аховы жыцця людзей на водах. Да 25 красавіка ўсе арганізацыі павінны былі прадставіць інфармацыю аб гатоўнасці.

Па словах дакладчыка, на азерах Лескавіцкае і Шумілінскае з 1 мая працуюць

сезонныя выратавальныя пасты – з неабходным інвентаром для ратавання і аказання дапамогі людзям і пітной вадой. На Будавесці паста пакуль няма. Усе тры зоны масавага адпачынку маюць пад’язныя дарогі, стаянкі, раздзявалкі, туалеты, інфармацыйныя стэнды і кантэйнерныя пляцоўкі.

Асобна разгледзелі работу раённай арганізацыі Таварыства ратавання на водах. Інфармацыю падрыхтаваў старшыня раённай арганізацыі Аляксандр Шарафудзінаў. У 2023-2025 гадах у раёне не зафіксавана ніводнага выпадку гібелі людзей на вадзе – гэта вынік сістэмнай прафілактычнай работы. Матросы – ратавальнікі разам з супрацоўнікамі РАУС, РАНС і аддзелам па адукацыі праводзяць рэйды, сустрэчы з насельніцтвам, урокі бяспекі, акцыі «Летні патруль», інтэрактыўныя пляцоўкі ў парку. Толькі летась было арганізавана больш за 40 мерапрыемстваў у школах і 23 рэйды на пляжах. Папулярнасцю карыстаюцца экскурсіі на выратавальныя пасты: дзеці знаёмяцца з абсталяваннем, вучацца правілам паводзін на вадзе.

Падчас абмеркавання пытання адзначылі: работа вядзецца актыўна, але арганізацыям неабходна працягваць прыводзіць зоны адпачынку ў поўную адпаведнасць з патрабаваннямі бяспекі, асабліва напярэдадні масавага летняга адпачынку.

Па абмеркаваным пытанні прынята адпаведная пастанова.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *