“Усе пытанні жыццёвыя, іх рашэнне будзе на карысць абальчан”

На мінулым тыдні ў Шумілінскім раёне з рабочым візітам знаходзіўся старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.
У цэнтры ўвагі кіраўніка абласнога Савета быў гарадскі пасёлак Обаль, дзе ён правёў выязны прыём грамадзян, сустрэчу з калектывам Обальскага керамічнага завода, азнаёміўся з ходам работ па добраўпарадкаванні пасёлка. Дзмітрыя Дзямідава суправаджалі старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч і старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў.
Актыўна прайшоў асабісты прыём грамадзян: шэсць зваротаў, адзін з якіх калектыўны. Людзей хвалявалі пытанні медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання пасёлка. Так, абальчанка паскрадзілася на тое, што яна стаяла на планавае ультрагукавое абследаванне, а калі яе запрасілі і яна прыехала ў бальніцу, высветлілася, што ўрача ў гэты дзень няма. Заяўніцу запэўнілі, што разбяруцца, і абследаванне яна пройдзе.
У жыхароў аграгарадка Кардон праблема ўзнікла ў мінулым годзе, калі пры замене прыбораў уліку пераблыталі лічыльнікі на гарачую і халодную ваду. Заяўнікі выявілі праблему і паведамілі ў “Полацкводаканал”, дзе іх запэўнілі, што ўсё будзе ў парадку. Яны плацілі рэгулярна, а цяпер ім выставілі рахунак за запазычанасць. Дзмітрый Дзямідаў даручыў кіраўніку раёна сабраць прадстаўнікоў ЖКГ, водаканала і разам з заяўнікамі разабрацца з пытаннем.
Група жыхароў Обалі прасіла дапамагчы вырашыць пытанне з адключэннем электрычнасці ў гаспадарчых пабудовах, дзе яны трымаюць жывёлу. Як высветлілася, гэтыя пабудовы, узведзеныя некалькі дзесяцігоддзяў таму гаспадарчым спосабам, нідзе не зарэгістраваныя, таму УП ЖКГ і адключыла святло. Кіраўнік аблсавета параіў абальчанам дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам і пачаць рэгістрацыю пабудоў, а райвыканкаму даручыў знайсці і прапанаваць найбольш аптымальныя варыянты рашэння праблемы.
Яшчэ адну заяўніцу хвалявала, што ў Обалі зараз вядуцца актыўныя работы, а ці дойдуць яны да яе вуліцы. Старшыня райвыканкама запэўніў, што дойдзе чарга і да іх вуліцы, яна таксама ўключана ў план добраўпарадкавання. Яшчэ адна просьба тычылася ўладкавання дзіцячай спартыўнай пляцоўкі ў раёне вуліцы Даўмана.
Падсумоўваючы вынікі прыёму, кіраўнік дэпутацкага корпусу вобласці заўважыў: “Не было надуманых праблем, усе пытанні жыццёвыя, іх вырашэнне пойдзе на карысць жыхароў гарадскога пасёлка”. У прыватнасці, Дзмітрый Дзямідаў, які ўзначальвае абласную арганізацыю РГА “Белая Русь”, прапанаваў задзейнічаць грамадскі актыў “Белай Русі” і мясцовыя прадпрыемствы ў стварэнні спартыўнай пляцоўкі для обальскіх дзяцей.
Пасля прыёму кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў правёў сустрэчу з калектывам Обальскага керамічнага завода ў рамках Адзінага дня інфармавання на тэму “Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця”. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць і асабістыя пытанні.
Разам з кіраўнікамі мясцовай улады Дзмітрый Уладзіміравіч аб’ехаў гарадскі пасёлак і пазнаёміўся з ходам работ. У гэты дзень актыўна ішлі работы па пракладцы пешаходных дарожак, бягучым рамонце шматкватэрных дамоў, высечцы кустоўя і іншае. Мікалай Будневіч падрабязна расказаў пра тое, што зроблена і робіцца на обальскіх аб’ектах.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
