Портрет женщины. Наталья Пашкевич: «У заведующей садом должны быть ответственность и чувство юмора»

2026 - Год белорусской женщины Людзі і лёсы Образование Общество

«У загадчыцы сада павінны быць адказнасць і пачуццё гумару» — філасофія Наталлі Пашкевіч

Наталля Пашкевіч – загадчыца з больш чым дваццацігадовым стажам. Пад яе кіраўніцтвам сад № 3 стаў сапраўдным домам для некалькіх пакаленняў дзяцей. Яна – паспяховы кіраўнік, любячая маці і жонка. Мы сустрэліся з ёй, каб пагаварыць пра работу, сям’ю і простае жаноцкае шчасце.

– Наталля Мікалаеўна, больш за 20 гадоў на пасадзе загадчыцы – гэта вялікі тэрмін. Што дапамагае захоўваць энтузіязм і не выгараць?

–  Ведаеце, я часта кажу сабе, што ў загадчыцы павінна быць пачуццё гумару і адказнасць. Адказнасць – гэта калі ты ўстаеш у пяць раніцы і думаеш пра дзіцячы сад: ці ўсе батарэі цёплыя, ці ёсць святло на харчаблоку, як шукаць замену захварэўшаму выхавальніку. А пачуццё гумару – гэта калі ў тую ж секунду ўспамінаеш, як учора дзеці перад праверкай размалявалі падлогу крэйдай. І ты не злуешся, а смяешся. Вось гэты баланс мяне і ратуе. І яшчэ я навучылася не браць усё да сэрца, але браць адказнасць. Кожны дзень ва ўстанове поўны сюрпрызаў. Ніколі не ведаеш, што здарыцца праз пяць хвілін. І калі ты ставішся да гэтага з лёгкай іроніяй, то і выгарання не будзе.

– Раскажыце, як звычайна пачынаецца ваш дзень?

– Я сапраўдны «жаваранак». Устаю рана, дзесьці а 5 гадзіне. І вось з 5 да 7 раніцы – гэта мой асабісты час, які я нікому не аддаю, бо за гэтыя дзве гадзіны я паспяваю і сняданак з абедам прыгатаваць, і сабе прыгажосць навесці, і нават пабыць адзін на адзін з сабой. (Усміхаецца.) Гэта як мой маленькі бунт супраць вечнай спешкі. Ведаеце, калі ты загадчык, у цябе няма свайго часу – ён заўсёды належыць камусьці іншаму. А гэтыя дзве гадзіны раніцай толькі мае. Я магу павольна папіць каву, падумаць пра свае справы, проста памаўчаць.

– Як змяніўся дзіцячы сад за 20 гадоў? Што вы ўспамінаеце з пачуццём гонару, а што – з усмешкай?

– Змен – мора! Калі я толькі пачынала, у нас не было камп’ютараў, справаздачы пісалі ад рукі. Раней бацькі выхоўвалі дзяцей па-іншаму: дваццаць гадоў таму малыя больш гулялі на вуліцы, менш сядзелі ў гаджэтах. Затое вырасталі больш самастойнымі. Сёння работу дзіцячага сада можна ўбачыць праз інтэрнэт-прастору: у нас ёсць афіцыйны сайт, старонка ў інстаграме, бацькі перапісваюцца з выхавальнікамі ў месенджарах.

З гонарам успамінаю, як з кожным годам паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база дашкольнай установы. Мы цяпер маем гульнявае абсталяванне, зробленае рукамі бацькоў і педагогаў, сучасную “машыну МНС”, міні-горкі, спартыўны комплекс, з’явіліся новыя дзіцячая мэбля, інтэрактыўныя гульні. На дапамогу выхавальнікам прыйшлі праектар, каляровы прынтар, сканер, ламінатар. Новае абсталяванне на харчаблоку дазваляе прыгатаваць ежу для самых патрабавальных выхаванцаў. А з усмешкай кожны раз успамінаю, як адзін малы закаціў істэрыку, бо не хацеў есці кашу, а праз месяц папрасіў дабаўкі.

– З кім складаней знайсці агульную мову – з малышамі, іх бацькамі ці з калегамі?

– Цікавае пытанне. Дзеці адкрытыя, шчырыя, іх эмоцыі і патрэбы лёгка прачытаць. Але малыя могуць не заўсёды разумець словы дарослых, патрабуюць асаблівага падыходу, цярплівасці і гульнявай формы зносін. Складаней з бацькамі. Звычайна дарослыя адэкватна ўспрымаюць інфармацыю, ёсць магчымасць растлумачыць рашэнні і агаварыць праблемы. Разам з тым, не заўсёды погляды бацькоў супадаюць з пазіцыяй сада, могуць быць крытыка і павышаныя чаканні. Бывае складана пераканаць бацькоў у правільнасці пэўных педагагічных метадаў. Работнікі мае – залатыя, мы адзін аднаго ведаем даўно, так што з імі прасцей. Калегі разумеюць спецыфіку работы, ёсць агульныя мэты. Але таксама бываюць няпростыя сітуацыі.

– Як вам удаецца стварыць атмасферу, каб выхавальнікі прыходзілі на работу з задавальненнем?

– Я прытрымліваюся правіла “чай, цукеркі і пахвала на публіцы, а разбор памылак – у кабінеце без сведкаў”. Калі чалавек ведае, што яго не будуць ганьбіць перад усім калектывам, ён больш ахвотна выпраўляе недахопы. І важна, што я ніколі не прашу зрабіць тое, чаго чалавек не ўмее. Важна развіваць моцныя бакі сваіх падначаленых.

– А як вы выхоўваеце сваіх дзяцей? Раскажыце пра сям’ю.

– У мяне двое дзяцей, і я вельмі імі ганаруся. Максіму – 24 гады. Ён праграміст, жыве і працуе ў Мінску. Вельмі адказны хлопец, самастойны – яшчэ са школы прывык усё рабіць сам, без напамінаў. Марыі – 17, яна заканчвае школу. Таксама вельмі самастойная дзяўчына. Яны абодва ў мяне такія – не трэба стаяць над душой, самі ведаюць, чаго хочуць, і ідуць да гэтага.

Адна з самых любімых сямейных традыцый – ціхае паляванне, асабліва збор апенькаў. Калі надыходзіць сезон, уся сям’я – я, муж, Максім (калі прыязджае з Мінска) і Марыя – адпраўляемся ў лес. Гэта той час, калі тэлефоны маўчаць, няма ніякіх спраў, толькі лес, цішыня і пошук грыбоў. Я ж часцей за ўсё збіраю… ўражанні. І потым дома смажым апенькі з бульбай, успамінаем, хто дзе заблукаў, і смяёмся. Вось гэта для мяне самае дарагое.

Мая сям’я ведае, што ў мяне ёсць адказнасць перад садам, але перад імі яна ў сто разоў большая, як і хваляванне за дзяцей, якімі б дарослымі яны не казаліся. “Пераключацца” з ролі кіраўніка на ролю любячай маці і жонкі стала магчымым дзякуючы мужу Сяргею. Калі я прыходжу стомленая і гатовая плакаць з-за чарговай праверкі, ён проста гатуе вячэру са словамі: “Адпачні, Наташа. Работа пачакае”.

– Гэта выдатна, што муж так падтрымлівае. А падзяліцеся, калі можна, гісторыяй вашага знаёмства.

– Ой, гэта было 26 гадоў таму. Я тады толькі пачынала працаваць у Лаўжанскай школе маладой настаўніцай хіміі і біялогіі. А Сяргей выкладаў там жа – абслугоўваючую працу і фізкультуру. Мне, гарадской дзяўчыне, далі пакой на другім паверсе інтэрната з пячным ацяпленнем, без водаправода.

І вось уяўляеце: я ніколі ў жыцці не паліла печку, не ведала, што рабіць з дрывамі, мне прыходзілася за вадой хадзіць на вуліцу да калодзежа. Сяджу неяк вечарам і плачу. А тут Сяргей – малады, прыгожы – зайшоў праверыць, ці ўсё ў мяне ёсць. Убачыў мае вочы на мокрым месцы, усё зразумеў. І пачаў

дапамагаць: нанасіў дроў, распаліў печку, прынес вады з калодзежа. Я ўжо тады зразумела, што такі чалавек не кожны дзень сустракаецца. Мы пачалі сустракацца, а праз год ажаніліся. Зараз у нашым доме газавае ацяпленне, ёсць усе даброты, але пра тое, што нас “звязала печка” жартуем і сёння. А яшчэ мы з Сяргеем «казярогі». І гэта, напэўна, таксама тлумачыць, чаму мы столькі гадоў разам. Казярогі – людзі адказныя і мэтанакіраваныя, любяць парадак, цвёрда стаяць на зямлі. Гэта дапамагае і ў рабоце, і ў сям’і.

– Якую галоўную параду, правераную жыццём, па выхаванні дзяцей вы далі б маладым бацькам?

– Дзіцяці вучыцца таму, што бачыць у сябе дома. Калі вы жадаеце выхаваць годнага чалавека, папершае, паводзьце сябе самі па-чалавечы ва ўсім. Ніколі не крычыце на малога, паважайце адзін аднаго. Не спрабуйце быць ідэальнымі. Чытайце дзецям казкі. Не праз аўдыёзапісы, а сваім голасам. Гэта стварае сувязь на ўсё жыццё. Больш гуляйце. А яшчэ – бярыце дзяцей на прыроду: на возера, у лес. Няхай вучацца заўважаць дробязі, радавацца знаходкам. Гэта лепш за любы гаджэт.

– Чым жыве дзіцячы сад № 3 сёння? Якія традыцыі ці праекты робяць яго адметным?

– Сад жыве штодзённымі клопатамі. Удзельнічае і перамагае ў розных конкурсах, ладзіць святочныя праграмы для дзяцей і іх бацькоў. Дарэчы, наш сад самы вялікі ў раёне – наведваюць установу 122 дзіцяці. Другі год запар набіраем ясельную групу малых з 1 да 2 год. З 2020 года наш дзіцячы сад з’яўляецца апорнай установай па інтэграваным выхаванні, асаблівыя дзеткі вучацца па спецыяльных праграмах.

– Калі б вы не сталі загадчыцай дзіцячага сада, якой прафесіі аддалі б перавагу?

– Гэта раней я была гарадская дзяўчына, што жыла ў кватэры. Цяпер мы жывем у прыватным доме з агародам і невялікай гаспадаркай. Таму стала б ці фермерам, ці гаспадыняй аграэкасядзібы.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *