Когда в лесу не один. Правда и мифы о медведях

Безопасность Мир увлечений Общество Экология

Калі ў лесе не адзін. Праўда і міфы пра мядзведзяў

У апошні час мядзведзяў усё часцей бачаць у нашым раёне. Адна з нядаўніх гісторый – «гастранамічны тур» драпежніка ў вёсцы Старыновічы, у выніку якога гаспадар недалічыўся дзясятка пчоласямей.

Чаму гэта адбываецца, як пазбегнуць небяспечнай сустрэчы і што рабіць, калі драпежнік апынуўся побач – спыталі ў начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзя КІСЯЛЕВІЧА.

– Генадзь Мікалаевіч, вы ў тэме, наколькі часта ў нашым раёне фіксуюцца выпадкі з’яўлення мядзведзяў-чырванакніжнікаў?

– У апошнія гады выпадкі з’яўлення мядзведзяў фіксуюцца часцей, чым раней. Гэта не масавая з’ява, але некалькі назіранняў за сезон – звычайная сітуацыя. Асабліва ў вясенне-летні перыяд, калі жывёлы больш актыўна перамяшчаюцца ў пошуках корму.

– На вашу думку, чаму драпежнікі выходзяць да людзей: гэта натуральныя прычыны ці вынік чалавечай дзейнасці?

– Гэта спалучэнне фактараў. Натуральныя прычыны – пошук ежы, асабліва пасля зімоўкі. Але ёсць і чалавечы фактар: мы ўсё глыбей заходзім у лес, актыўна наведваем месцы, дзе мядзведзі традыцыйна жывуць. Плюс – лёгкадаступныя крыніцы корму, напрыклад, сметнікі або пчальнікі. Пра прысутнасць у лесе мядзведзя сведчаць сляды лап, раскопаная зямля, разарваныя мурашнікі, абадраная кара, свежыя экскрэменты.

– Якія правілы паводзін у лесе найбольш эфектыўна зніжаюць рызыку сустрэчы з мядзведзем?

– Галоўнае – не хадзіць ціха. Размаўляйце, стукайце палкай па дрэвах, стварайце лёгкі шум. Мядзведзь не любіць нечаканасцей і заўсёды стараецца пазбягаць чалавека. Ідзіце па сцежках, не залазьце ў гушчар. Вясной і раннім летам лепш пазбягаць глухіх балот, ягаднікаў і месцаў, дзе шмат маліны – мядзведзі любяць гэтыя ўчасткі і гэтую смакату. Асабліва асцярожна трэба быць у перыяд, калі мядзведзіца выводзіць маладняк.

– Якія дзеянні катэгарычна нельга рабіць пры сустрэчы з мядзведзем?

– Нельга бегчы, крычаць, размахваць рукамі, кідаць у яго прадметы. Рэзкія рухі могуць справакаваць атаку. Трэба спакойна адступаць, не паварочваючыся спінай. Размаўляць ціха, роўным голасам. Паказаць, што вы не небяспека. Самы небяспечны варыянт – мядзведзіца. Яна абараняе малых і можа атакаваць нават без папярэджання. У такім выпадку трэба максімальна хутка і ціха адыходзіць.

– Ці варта выкарыстоўваць газавыя балончыкі або іншыя сродкі самаабароны?

– Спецыяльныя супрацьмядзведжыя балончыкі эфектыўныя, але іх трэба ўмець выкарыстоўваць. Звычайныя газавыя балончыкі малаэфектыўныя. Лепшая абарона – правільныя паводзіны і асцярожнасць.

– Што начальнік інспекцыі раіць рабіць жыхарам, якія трымаюць дамашнюю жывёлу або пчальнікі?

– Умацоўваць агароджы, не пакідаць корм на адкрытым паветры, ставіць электраагароджы, якія выкарыстоўваюцца для выпасу хатняй жывёлы, на пчальнікі, шумавыя і светлавыя шашкі. Касалапыя асцярожна ставяцца да незнаёмых пахаў і гучных гукаў, але спадзявацца на гэта, як на абарону, нельга.

– Якія найбольш распаўсюджаныя міфы пра мядзведзяў вы хацелі б абвергнуць?

– Самы папулярны міф – што мядзведзь заўсёды агрэсіўны. Гэта не так. Ён пазбягае чалавека.

– Якую галоўную параду вы б далі жыхарам раёна перад паходам у лес?

– Будзьце ўважлівыя і не хадзіце ў глушбез патрэбы. Памятайце: лес – дом для дзікіх жывёл, і мы павінны паважаць іх прастору.

– Што павінна быць у бяспечным наборы чалавека, які часта бывае ў лесе?

– Свісток, ліхтарык, зараджаны тэлефон, аптэчка, яркая вопратка, невялікі запас вады і ежы. І галоўнае – веды пра тое, як паводзіць сябе ў лесе.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *