На «Прарыў» – праз гераічную Обальшчыну
Абласны аўтапрабег «За адзіную Беларусь» маштабна адкрыў тыдзень святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі.
4 мая Віцебская абласная арганізацыя «Патрыёты Беларусі», аддаўшы даніну памяці і ўсклаўшы кветкі да Вечнага агню на «Трох штыках» у Віцебску, у арганізаванай калоне адправілася ў гарадскі пасёлак Обаль. Тут каля помніка ў гонар Обальскага камсамольскага падполля гасцей аўтапрабегу сустракалі старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў.
Ганаровымі гасцямі на обальскай зямлі ў гэты гарачы майскі дзень былі Мікалай Зарубіцкі, кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Уладзімір Бабічаў.
«Для нас вельмі важна быць сёння тут – у гарадскім пасёлку Обаль, таму што дзякуючы смелай і адважнай моладзі, тым камсамольскім атрадам, якія размяшчаліся на гэтай тэрыторыі, змяніўся ход Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічна, што сёння аўтапрабег праходзіць у рамках абласной акцыі «Прарыў Перамогі», ствараючы атмасферу ўрачыстасці, смутку і гонару за сваю краіну. Обаль, Ушачы, «Прарыў» – гэта святыя месцы, якія з’яўляюцца часткай нашай дарожнай карты», – прамовіў Уладзімір Бабічаў.
Прывітальнае слова ўзяў кіраўнік раёна Мікалай Будневіч, падзякаваўшы арганізатарам акцыі за памяць пра подзвігі обальскіх партызан і падпольшчыкаў: «Заўсёды, з года ў год, да гэтага помніка прыходзяць жыхары і госці пасёлка, і мы рады, што менавіта сёння гэта памятнае месца было ўключана ў праграму аўтапрабегу «За адзіную Беларусь». Людзі з усёй вобласці змаглі прыехаць сюды, каб аддаць даніну памяці тым, хто абараняў нашу краіну. Пра гэта трэба гаварыць! Няхай наведванне гэтага месца стане добрай традыцыяй».
Усе ўдзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць герояў і ўсклалі кветкі. Ва ўрачыстым шэсці ўсе разам прайшлі да брацкай магілы 272 савецкіх воінаў. Тут таксама былі ўскладзены кветкі, а памяць пра герояў ушанавана хвілінай маўчання.
Далей усе жадаючыя наведалі музей Обальскага камсамольскага падполля, дзе аснову экспазіцыі ствараюць матэрыялы пра дзейнасць легендарнай падпольнай арганізацыі «Юныя мсціўцы», якая дзейнічала на тэрыторыі Обальскага сельсавета ў гады Вяликай Айчыннай вайны, адзінай у сваім родзе маладзёжнай падпольнай арганізацыі не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Дырэктар Шумілінскага гісторыка‑краязнаўчага музея Святлана Іванова асабіста правяла экскурсію па залах, аматары айчыннай гісторыі мелі ўнікальную магчымасць пасядзець за партамі тых часоў, зрабіць фатаграфіі на памяць, але самае галоўнае – адчуць дух Вялікай Перамогі ў прыгожым маляўнічым месцы на беразе ракі Обаль.
Дар’я ЧАПУРНОВА





