Любімая прафесія і малая радзіма – твая матывацыя выбару!
Калі сярод мноства розных прафесій ты знаходзіш сваю, адзіную, да якой ляжыць душа і якой гатовы прысвяціць усё сваё жыццё, – лічы, што табе Дужа пашанцавала.
І як здорава, калі ўсё атрымліваецца з першага разу. Старшакласнікам з выбарам прафесіі меў на мэце дапамагчы раённы злёт выпускнікоў «ПрафСтарт – тэрыторыя поспеху», які на мінулым тыдні прайшоў у Шуміліне.
У фае раённага цэнтра культуры ладзіліся выставы, якія падрыхтавалі вучні школ. Аграрная група з СШ № 2 г. п. Шуміліна прэзентавала гатункі бульбы, мікразеляніну, расаду памідораў і перцаў, аграрны клас з Кардонскай СШ прывёз шэсць сартоў самаробных сыроў і тры гатункі хлеба. Вучні аграрнага класа Мікіціхінскай СШ рэкламавалі мёд і торт-мядовік. Хлопцы інжынернага класа з СШ № 1 г. п. Шуміліна хваліліся напрацоўкамі па робататэхніцы.
«Будучыня краіны – гэта вы, маладыя, – звярнулася да выпускнікоў школ намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. – Выбар прафесіі – важны і адказны крок, бо ад гэтага залежыць ваша далейшае жыццё. Няма людзей непаспяховых, ёсць не на сваім месцы. І вельмі важна яго знайсці, стаць прафесіяналам сваёй справы. Яшчэ лепш, калі такім профі вы будзеце на сваёй малой радзіме».
Працаваць на роднай зямлі – прэстыжна
Пра родны край і працу на малой радзіме падрыхтавалі выступленне вучні Кардонскай школы. Пра свае навучальныя ўстановы і бонусы, якія яны даюць, расказалі прадстаўнікі Гарадоцкага каледжа і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Алеся Шавяка падрабязна патлумачыла, чаму пакарыстацца мэтавым накіраваннем пры паступленні выгадна.
У інжынеры я б пайшоў
Сваю прэзентацыю прадаставіла каманда «Ліга будучых прафесіяналаў» з СШ № 1. Хлопцы інжынернага класа расказалі пра свае будучыя прафесіі і пра тое, наколькі запатрабавана сёння электроніка і праграмаванне. Тэму прадоўжылі выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа.
Быць настаўнікам цікава
Пра важнасць прафесіі педагога расказалі ў прэзентацыі вучні СШ № 2. Цікавым было выступленне маладога настаўніка з Мікіціхінскай СШ Дар’і Хадзюковай, педагога Марыны Аляксеенка з Башнёўскай СШ, якая ўзяла настаўніцтва над маладым спецыялістам Аляксандрай Шабанавай.
Людзі ў белых халатах
Парад прафесій завяршыў медыцынскі блок. Старшая медсястра райбальніцы Людміла Цянько расказала пра медустанову, прафесіі медыкаў, умовы для работы.
Вынік дня. Падчас мерапрыемства старшакласнікі атрымалі 24 мэтавыя накіраванні ў розныя навучальныя ўстановы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.









