Праздник профессии. Электромеханик Светлана Пальвинская

2026 - Год белорусской женщины Общество Экономика

Прафесія, якая злучыла лёсы

Шумілінскі ўчастак электрасувязі – месца, дзе тэхніка пераплятаецца з чалавечымі лёсамі. Не адзін год працуе тут электрамеханікам лінейных пабудоў сувязі і абаненцкіх прылад Святлана ПАЛЬВІНСКАЯ.

Яна ведае ўсё пра тэлефонную сувязь, інтэрнэт і тэлебачанне. А за выбарам прафесіі стаіць жывая гісторыя сямейнага выбару, любові і вернасці малой радзіме.

Бацька Святланы быў добрым спецыялістам, які рамантаваў розную тэхніку. Дачка з дзяцінства бачыла, як ён гэта робіць. Таму пайшла вучыцца ў Віцебскі каледж сувязі – як сама кажа, проста, каб чыніць тэлевізары. Але там перад ёй адкрыўся цэлы свет: фільтры, камутацыйныя палі, камунікатары. Усё гэта захапіла дзяўчыну. І яна старанна асвойвала будучую прафесію. Атрымаўшы свабодны дыплом, Святлана вярнулася на малую радзіму – у раённы ўчастак электрасувязі. Яе накіравалі ў Обаль на абслугоўванне тэлефоннай станцыі, дзе на яе плечы лягла адказнасць за 1200 абанентаў. Пазней яе перавялі ў Шуміліна.

Уладкаваўшыся на ўчастак у 2008-м, Святлана неўзабаве сустрэла Сяргея Пальвінскага, які прыйшоў сюды ў 2009-м. Праз некалькі месяцаў пасля знаёмства яны ажаніліся. Гэта быў пачатак моцнага саюза. Менавіта Сяргей настаяў на тым, каб жонка атрымала вышэйшую адукацыю – муж бачыў у ёй не толькі любячую маці і жонку, але і прафесіянала, здольнага расці.

Сёння ў сям’і Пальвінскіх падрастаюць 14-гадовы Ігар і 10-гадовая Вольга. Вечары і выхадныя яны праводзяць разам. Сям’я – галоўная каштоўнасць для Пальвінскіх.

– Святлана Іванаўна – сапраўды надзейны работнік. Яна цудоўна спраўляецца са сваёй работай, ведае ўсе тонкасці электрасувязі. І лінейныя пабудовы, і абаненцкія прылады, і станцыйнае абсталяванне – для яе няма дробязей, – адзначае кіраўнік Шумілінскага ўчастка электрасувязі Юрый Маскалькоў. – Такія людзі – аснова нашага ўчастка. На такіх спецыялістах трымаецца прадпрыемства.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *