
У Шумілінскім раёне асаблівая ўвага надаецца ўмацаванню спартыўнай інфраструктуры. Зусім нядаўна была адкрыта валейбольная пляцоўка ў Лескавічах. Зараз у Мікіціхінскай СШ узводзіцца новая футбольная пляцоўка: на аснову будучага поля з раённага бюджэту выдаткавана 70 тысяч рублёў, мантажныя работы выконваюць спецыялісты ТАА «Венбуд».
Як расказаў галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко, рэалізацыя такіх праектаў дазваляе паступова ствараць сучасную спартыўную базу прама ва ўстановах адукацыі, дзе дзеці праводзяць большую частку дня. «Важны ўклад у развіццё дзіцячага футболу ўносіць Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футболу, якая мэтанакіравана рэалізуе праграму па ўстанаўленні новых футбольных пляцовак. Сёлета на Віцебшчыне адразу тры раёны пабагацеюць на такія аб’екты – Верхнядзвінск, Паставы і аграгарадок Мікіціха. Федэрацыя самастойна пастаўляе сучаснае пакрыццё, вароты, сеткі і агароджу, а таксама ажыццяўляе іх мантаж, што значна паскарае працэс і гарантуе якасць».
Дырэктар Мікіціхінскай школы Таццяна Волкава адзначыла, што гэты аб’ект стане сапраўдным падарункам для вучняў да навучальнага года. Летась на тэрыторыі школы з’явілася новая бегавая дарожка. Па словах дырэктара, такая інфраструктура не толькі дапамагае дзецям паказваць добрыя вынікі на раённых і абласных спаборніцтвах, але і дае магчымасць кожны вечар збірацца з сябрамі, гуляць у мяч і бегаць на свежым паветры.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
