У сераду, 15 ліпеня, на палетках раёна стартавала ўборачная. Аднымі з першых актыўна распачалі ўборку азімага рапсу аграрыі КУСГП «Ульскі».
Гэтая культура патрабуе асаблівай аператыўнасці: зерне выспявае хутка, і тут важна не ўпусціць ніводнага сонечнага дня.

За штурваламі камбайнаў ва ўрочышчы Пусташы працавалі вопытныя механізатары Генадзь Козік, Валерый Тупіцын і Яўген Даруткін. Утрох яны планавалі да канца дня змалаціць усё поле на 32 гектары з элітным рапсам гатунку «мікалай». Рапс спелы, густы і высокі. «У гэтым урочышчы ўраджай будзе пад 17 цэнтнераў з гектара, – акінуў поле вокам дырэктар гаспадаркі Уладзімір Касцюкоў. – Усяго ў нас расце 79 гектараў азімага рапсу. Калі яго змалоцім, прыступім да ўборкі жыта.
Каб падтрымаць працаўнікоў і ацаніць гатоўнасць тэхнікі, на палеткі гаспадаркі завітаў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. Кіраўнік раёна пагутарыў з механізатарамі і кіраўніцтвам прадпрыемства і адзначыў: «Ад вашай дысцыпліны, якасці працы і адказнасці залежыць агульны каравай раёна. Няхай надвор’е будзе на вашым баку, а тэхніка не падводзіць».
15 ліпеня да ўборкі рапсу прыступілі ў СУП «Лаўжанскае», да ўборкі азімага ячменю – у ААТ «Ляжні» і ААТ «АграБаравінка».
Хлебаробы і тэхніка зараджаны на плённую і якасную работу, цяпер галоўнае – каб толькі надвор’е не падвяло.
Ларыса ЗАЙЦАВА.




