Ольга Бородина – врач по призванию, фотограф в душе

Актуалии

Вольга БАРАДЗІНА нарадзілася і вырасла ў Шуміліне. Тут скончыла СШ № 1, а затым паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Апошнія 28 гадоў са свайго 38-гадовага стажу працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Сям’я Барадзіных – унікальны медыцынскі падрад, дзе ўрачэбны доўг і выратаванне людзей сталі агульнай справай, змацаванай пераемнасцю пакаленняў. Муж Сяргей  – урач-неўролаг, сын Аляксандр прадоўжыў сямейны шлях, выбраўшы звяно сучаснай дыягностыкі, і працуе фельчарам-рентгенлабарантам, нявестка Юлія – паспяховы ўрач-хірург, дачка Алена пайшла па слядах маці, таксама працуе ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам, вось толькі за межамі раёна.


Кожны дзень урача патрабуе каласальнай адказнасці і вялікай канцэнтрацыі. Аднаўляць сілы і папаў­няць запасы энергіі пасля насычаных працоўных будняў і начных дзяжурстваў Вользе Барадзіной дапамагае яе захапленне фатаграфіяй. Ужо 50 гадоў гэта хобі для яе – неад’емная частка жыцця. «Фатаграфія – гэта мой асобны свет, у якім усё адыходзіць на другі план», – прызнаецца яна. Любоў да гэтага мастацтва з’явілася яшчэ ў школьныя гады, у далёкім 1976-м. Ключавую ролю адыграла настаўніца фізікі Леакадзія Калкова, якая была вельмі захопленым чалавекам і вяла ў Палацы піянераў фотагурток.
«Мы вывучалі асновы фатаграфіі і кампазіцыі, пабудову кадра і тэхнічныя моманты, шмат практыкаваліся. Мой першы ўдалы здымак адносіцца да таго ж часу. Гэта была чорна-белая фатаграфія: прырода, зіма, іней і сонца. На жаль, яна не захавалася, але назаўсёды засталася ў памяці», – з цеплынёй успамінае Вольга Леанідаўна.
Сёння ў аб’ектыве нашай гераіні часцей за ўсё мільгаюць пейзажы, макрааб’екты, жывёлы (дамашнія і не толькі) і, вядома, людзі. У асноўным гэта родныя і блізкія. Асаблівае задавальненне Вольга Барадзіна атрымлівае, калі фатаграфуе маляўнічае месца ў розны час года і пры розным асвятленні. У выніку заўсёды атрымліваецца зусім новы кадр, які становіцца выдатнай магчымасцю пака­заць людзям звыклыя рэчы абноўленымі і пераўтворанымі. «Прыгажосць вакол нас, але не ўсе яе заўважаюць. Я гляджу на свет вачыма фатографа: іду па вуліцы і бачу, як можна незвычайна і выдатна выбудаваць кадр. Фатаграфую не толькі фотаапаратам – пад рукой заўсёды ёсць тэлефон, ён хутка прыходзіць на дапамогу, калі трэба тэрмінова захаваць момант, які праз імгненне ўжо не будзе ранейшым», – расказала фатограф. На пытанне аб прапанове зрабіць метафарычны здымак, які ўвасабляе медыцынскую спецыялізацыю, Вольга Леанідаўна адказала, што гэта быў бы здымак, які ўвасабляе нараджэнне або само жыццё і яго крохкасць: парастак, кветка, мурашка або слімак.
Хобі мамы і жонкі дамачадцы з задавальненнем падтрымліва­юць і нават падзяляюць. Разам з гаспадаром сям’і Сяргеем Іванавічам, які любіць мотападарожжы, Барадзіны пабывалі ў многіх вядомых і яшчэ нязведаных іншымі людзьмі кутках нашага раёна, абавязкова захаваўшы іх на фота.

Сёння фотаработы Вольгі Барадзіной упрыгожваюць сцены аддзялення сястрынскага догляду Шумілінскай ЦРБ. Гэта выдатная ідэя належыць галоўнаму ўрачу Святлане Лінкевіч. «Я з вялікім задавальненнем падтрымала ініцыятыву ад сваёй калегі, таму што людзі, якія пражываюць цяпер у аддзяленні, раней былі жыхарамі нашага раёна. Я падумала, што ім будзе цікава і прыемна глядзець на знаёмыя воку і сэрцу родныя мясціны і краявіды. Наогул мне хочацца, каб мае работы радавалі таго, хто глядзіць. Таму што на самой справе добрая фатаграфія тая, на якую хочацца глядзець ўвесь час і яна не дакучае погляду. Гэта тое, да чаго я імкнуся. Ёсць проста прыгожыя здымкі, а ёсць тыя, якія немагчыма забыць. Я думаю, што некалькі такіх фатаграфій мне ўдалося зрабіць, але, на жаль, іх няшмат», — падзялілася Вольга Леанідаўна.

Каб адчуваць сябе упэўненай у фотасправе, Вольга Барадзіна ўдзельнічае ў фотаконкурсах у Інтэрнэце, дзе яе работы высока ацэньваюць як прафесіяналы, так і звычайныя людзі. У вольны ад работы і захаплення час урач па прызванні і фатограф у душы любіць чытаць, глядзець навукова-пазнавальныя праграмы аб розных краінах, народах, падарожжах і космасе. Але сапраўднае шчасце жанчына адчувае побач са сваёй сям’ёй, праводзячы час з дзецьмі і ўнукамі. «Сёння першы дзень усяго жыцця, якое ў цябе засталося» – менавіта гэта глыбокая фраза штодня нагадвае шумілінскаму доктару пра самае важнае: ніколі не позна пачынаць нешта новае, адкрываць нязведаныя грані свету і шчыра, усім сэрцам, радавацца кожнаму дню.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *