Шумилинская ПМК-70: надёжный и качественный застройщик

Главное Общество Экономика

Шумілінская ПМК‑70: надзейны і якасны забудоўшчык

Шумілінская ПМК‑70 – адно з тых прадпрыемстваў, якое ў няпростых умовах здольнае нарошчваць аб’ёмы і трымаць высокую планку якасці. Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар прадпрыемства Аляксей КРЫЎКО расказаў пра тое, чым жыве калектыў сёння і якія задачы ставіць на заўтра.

Лічбы гавораць самі за сябе: за 2025 год аб’ём падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі, склаў 17 066 тыс. рублёў, што на 16,7% больш за папярэдні год. А за першае паўгоддзе 2026 года тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 159,2%. Выручка ад рэалізацыі ў 2025 годзе дасягнула 22 242 тыс. рублёў (+8,9%), за 6 месяцаў 2026-га – 14 174 тыс. рублёў (+17,8%). Сярэднямесячная заработная плата павялічылася з 2,4 да 2,5 тыс. рублёў. «Наша прадпрыемства поўнасцю забяспечана работай. Больш таго, мы клапоцімся пра будучыню: так, на наступны год плануем будаўніцтва жывёлагадоўчага комлексу ў Бешанковіцкім раёне. Рэпутацыю надзейнага і якаснага забудоўшчыка мы заслугоўвалі доўга і зараз планку апускаць не збіраемся», – падкрэслівае Аляксей Юр’евіч.

Акцэнт на тэхнічным пераўзбраенні дазваляе прадпрыемству паспяваць за патрабаваннямі часу. У 2025 годзе інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 1 002 тыс. рублёў, за першае паўгоддзе 2026-га – ужо 1 179 тыс. рублёў. Сёлета набыты аўтамабільны кран, тры паўпрычэпы і аўтобус.Набыткі невыпадковыя: галоўны напрамак дзейнасці ПМК-70 – будаўніцтва панельных жылых дамоў.

У актыўнай фазе ўзвядзенне шматкватэрных дамоў у Гарадку і ў Шуміліне, а таксама фермы ў вёсцы Заскоркі Полацкага раёна, мадэрнізацыя рэнтген-кабінета ў Гарадоцкай ЦРБ і капітальны рамонт жылога дома ў Обалі.

Галаўны боль – кадры. «Ёсць жаданне пашыраць аб’ёмы вытворчасці, але не хапае працоўных рук», – канстатуе Аляксей Крыўко. За тры гады спісачная колькасць скарацілася з 286 да 205 чалавек. Не хапае бетоншчыкаў, каменшчыкаў, муляроў, тынкоўшчыкаў, цесляроў. Таму кіраўніцтва прыняло рашэнне аб прыцягненні працоўных мігрантаў з Туркменістана, Індыі і Бангладэш. Каб утрымаць вопытных спецыялістаў і зацікавіць моладзь, на прадпрыемстве дзейнічае сістэма матэрыяльнага стымулявання: надбаўка «за адданасць прадпрыемству», прэмія «Ударнік», даплаты маладым спецыялістам. І гэта дае свой вынік.

Акрамя фінансавых стымулаў дбаюць у калектыве і пра адпачынак работнікаў. Такі падыход дапамагае захоўваць камандны дух людзям, якія днямі працуюць на будоўлях.

Сёння ПМК-70 – гэта каманда прафесіяналаў, якая штогод пацвярджае свой статус якаснай працай, вытрымкай тэрмінаў і разумным коштам. І хоць праблем хапае, калектыў упэўнены: самая галоўная ўзнагарода – новыя дамы і аб’екты, якія застануцца пасля іх на доўгія гады. «Няма трывогі, што застанемся без работы», – упэўнена заяўляе Аляксей Крыўко. І гэтыя словы пацвярджаюцца канкрэтнымі справамі.

ЗА БРЫГАДЫ  АДКАЗВАЮЦЬ  МАЙСТРЫ

Майстры будаўнічых брыгад штодня кіруюць працэсам непасрэдна на аб’ектах, якія размешчаны не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Работа майстроў патрабуе глыбокіх ведаў, выдатных арганізатарскіх здольнасцей. Іх абавязкі – не толькі забеспячэнне матэрыяламі, але і кантроль за якасцю аздаблення, тэхнікай бяспекі, зладжанай работай у брыгадзе. За работу майстроў ПМК-70 адказвае намеснік дырэктара-галоўны інжынер Раман Карасёў.

СТРАТЭГІЧНЫ  ЦЭНТР

Ніводны будаўнічы аб’ект не вырасце без дакладнага разліку, чарцяжоў і фінансавага кантролю. Гэтым трывалым тылам ПМК-70 з’яўляецца стратэгічны цэнтр – апарат кіравання. Іх праца часта застаецца за кадрам, але менавіта яны з’яўляюцца мозгам і сэрцам прадпрыемства: вытворча-тэхнічны аддзел (узначальвае Лідзія Быкава), эканамічны (Наталля Краўчанка), бухгалтарскага ўліку (Святлана Мацюшчанка), аддзел па арганізацыі кадравай і прававой рабоце, дыспетчарская служба і сектар па маркетынгу.

УЗВОДЗЯЦЬ 40-КВАТЭРНЫ ДОМ  У  ШУМІЛІНЕ

У маі Шумілінская ПМК-70 прыступіла да будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Камунальнай у Шуміліне. На сённяшні дзень будаўнічая пляцоўка ўяўляе сабой сапраўды масштабную карціну: тут адначасова працуюць вежавы кран, два экскаватары, а таксама аўтамабільная тэхніка і «Амкадор». Мантаж паверхаў ідзе па зацверджаным графіку.

Як адзначыў прараб Валерый Маскаленчык, галоўная задача – здаць дом у эксплуатацыю да канца снежня. Каб вытрымаць тэрміны, на аб’екце задзейнічаны некалькі спецыялізаваных брыгад. У поўную сілу працуюць муляры пад кіраўніцтвам Рамана Чарвянкова і Віталя Баранава, а таксама брыгада цесляроў Аляксея Сцяржнёва.

ІХ РАБОТА – У ДАРОЗЕ

Калі кажуць пра вадзіцеляў аддзела транспарту, механізацыі і энергетыкі, то маюць на ўвазе, што іх работа – у дарозе. Яны дастаўляюць людзей і будаўнічыя матэрыялы на розныя аб’екты. Начальнік аддзела Аляксей Жураўлёў адзначае, што дзякуючы прафесіяналізму каманды вадзіцеляў будаўнікі своечасова выконваюць сваю работу. Так што ў кожным узведзеным фундаменце, роўнай сцяне і прыгожым фасадзе ёсць часцінка работы вадзіцеляў.

КАПІТАЛЬНЫ  РАМОНТ  ДОМА  У  ОБАЛІ

Шумілінская ПМК-70 робіць капітальны рамонт шматпавярховак не першы год. Рамантавалі ў Полацку, Віцебску, Шуміліне і іншых гарадах.

Цяпер работы ідуць у Обалі ў доме  4а  па вуліцы Леніна.  Старшы прараб Дзмітрый Каралёў расказвае: “Мяняем дах, уваходныя групы, вокны і дзверы ў месцах агульнага карыстання, сантэхніку. Спецыфіка рамонту ў тым, што ў доме няма тэхнічнага паверху. Таму прыйшлося раскрываць падлогу на першым паверсе, рабіць карабы, пракладваць новыя камунікацыі.

Будаўнікі працуюць у рытме, прастояў не бывае – усе матэрыялы дастаўляюцца своечасова. Штодзень на аб’екце працуе каля 20 чалавек. Аснову складае  брыгада Віталя Баранава, побач – работнікі дрэваапрацоўчага цэха Мікалая Ушала, дапамагаюць калегі з Ушацкай ПМК-66

БУДУЮЦЬ  ДОМ  У  ГАРАДКУ

На будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дома ў Гарадку штодня працуе каля 50 чалавек. Прараб Аляксандр Багданаў асабіста кантралюе кожны этап. Па яго словах, работы – шмат, графік вытрымліваецца.– Сёння на пляцоўцы задзейнічаны спецыялісты розных профіляў. Гэта комплексная брыгада № 2 пад кіраўніцтвам Аляксея Васкоўскага, аддзелачнікі Леаніда Братава, муляры Мікалая Карпушкі і цесляры Антона Пачкоўскага. Плюс свае ўчасткі вядуць электрыкі і сантэхнікі, – расказвае Аляксандр Багданаў. – Дом будзе здадзены ў тэрмін,  з якасцю, якой мы ганарымся.

НА НОВЫМ ЗАВОДЗЕ БЕТОНУ

Работнікі цэха жалезабетонных вырабаў і раствора-бетоннага вузла (брыгадзір Іван Жыгалка) з гордасцю хваляцца новым заводам па вытворчасці бетону, які ўстанавілі ў красавіку мінулага года. Уся работа аўтаматызавана, аператар кіруе працэсам вырабу бетону пры дапамозе камп’ютарнай мышкі. На заводзе вырабляюць больш за 16 кубаметраў бетону за гадзіну – гэтага хапае, каб забяспечыць не толькі патрэбы ўласнага прадпрыемства, расказаў старшы майстар падсобнай вытворчасці Мікалай Ушал. Бетон заказваюць УП ЖКГ, ДРБУ-204, сельгаспрадпрыемствы.

СІМВАЛІЧНЫ  ПАДАРУНАК  ДА  ПРАФЕСІЙНАГА  СВЯТА

Напярэдадні Дня будаўніка Шумілінская ПМК-70 здала заказчыку новую ферму ў вёсцы Заскоркі Полацкага раёна.

Ферма будавалася з нуля: фундамент, сцены, дах – усё рабілі выключна спецыялісты ПМК. На пачатковым этапе на пляцоўцы было задзейнічана шмат тэхнікі – экскаватары, краны, бетонамяшалкі, потым муляры, мантажнікі, аддзелачнікі працавалі з поўнай аддачай, каб не падвесці заказчыка.

Як падкрэсліваюць у ПМК-70, якасць, аператыўнасць і дакладнае выкананне тэрмінаў – гэта іх галоўная «фішка», таму асабліва сімвалічна, што ферму прынялі менавіта перад Днём будаўніка. Заказчык прыняў аб’ект без заўваг.  У планах ПМК-70 – яшчэ некалькі аб’ектаў вытворчага прызначэння.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *