Как в ОАО «Лежни» готовят фермы к холодам

Главное Новости Общество Сельское хозяйство

Сустрэць зіму ў поўнай гатоўнасці

Падрыхтоўка ферм да зімы – справа не аднаго дня. Трэба прывесці ў парадак памяшканні, праверыць абсталяванне, падрамантаваць дахі, умацаваць агароджы і паклапаціцца пра ўмовы, у якіх жывёла будзе знаходзіцца ў халодны час. У ААТ «Ляжні» гэтымі работамі пачалі займацца загадзя.


Справіцца ўласнымі сіламі было няпроста, адзначае дырэктар Дзмітрый Людчык. Значную дапамогу аказалі работнікі санстанцыі, якія прыязджалі некалькі разоў пабяліць цялятнікі. Да работ далучаліся і спецыялісты розных арганізацый раёна. Неаднойчы на фермах працавалі прадстаўнікі райвыканкама, раёна электрычных сетак і энергазбыту, аддзела па адукацыі. Памочнікі фарбавалі і рамантавалі стойлавае абсталяванне, прыводзілі ў належны стан падлогу і агароджы для жывёлы, абабівалі вокны, уцяплялі дзверы, наводзілі парадак на тэрыторыях вакол фермаў. Фронт работ быў выкананы немалы.

Падрыхтоўка да зімовых халадоў працягваецца. Па дагаворы падраду на фермах гаспадаркі працуе будаўнічая брыгада з Сянна. «На ферме Ляжні‑1 правялі асвятленне, часткова памянялі шыфер, устанавілі новы канёк і ўмацавалі кроквенную сістэму. Зрабілі цагляную кладку для сістэмы вентыляцыі, – расказалі рабочыя, якія працуюць і жывуць тут ужо 3 месяцы. – Давялі да ладу дахі на ферме Ляжні‑2. На ферме Ляжні‑3 правялі зварачныя работы і адрамантавалі стойлавае абсталяванне. На ферме Непароты зрабілі кармавыя сталы і адрамантавалі латкі гноевыдалення».

Падчас нашага наведвання фермы Ляжні‑2 за работай заспелі Арцёма Ганчарэнку і Міхаіла Гарэлава. Мужчыны ставілі каля фермы агароджу для жывёлы – выгул кароў на вуліцы абавязковы нават зімой. У бліжэйшых планах – мантаж драўляных стойлаў і кармавога стала на пляцоўцы каля фермы Ляжні‑4. Тут таксама ўстановяць новую драўляную агароджу, а ў самім памяшканні зробяць новае электраасвятленне.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *