Пример жизненной мудрости, трудолюбия и беспредельной любви

2026 - Год белорусской женщины Людзі і лёсы Общество

Матчына малітва і мудрасць

У пачатку жніўня 85-гадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Мішкавічы Марыя Пятроўна ШЭДЗЬКО.

Жанчына – сапраўдны прыклад жыццёвай мудрасці, працавітасці і бязмежнай любові да блізкіх, а яе дом быў і застаецца цэнтрам прыцягнення для вялікай і дружнай сям’і.

Нарадзілася Марыя Шэдзько ў вёсцы Макаўе, тут і замуж выйшла. А потым з мужам Мечыславам пераехала ў Ленінград, дзе раней жыла яго сям’я. Але вільготны клімат не падышоў, таму перабраліся ў вёску Крайцы Лепельскага раёна – там мужу, настаўніку па адукацыі, прапанавалі месца дырэктара мясцовай школы. А Марыя ўладкавалася касірам у лясніцтва.

Ішлі гады, бацькі Марыі і Мечыслава пераехалі ў вёску Мішкавічы. Паклікалі на радзіму і дзяцей. У 1974 годзе сям’я перабралася ў Мішкавічы. На той час у іх было ўжо трое дзяцей – Аркадзь, Мікалай і Алена. Спачатку жылі ў бацькоў, а потым пабудавалі ўласны дом.

У Мішкавічах пусцілі карані і прысвяцілі сябе працы на карысць роднага краю. Мечыслаў Антонавіч многія гады аддаў школе, працаваў настаўнікам гісторыі і выхоўваў маладое пакаленне, а Марыя Пятроўна абрала нялёгкую, але вельмі паважаную працу на зямлі – шчыравала на мясцовай ферме цялятніцай.

«Маму заўсёды цанілі за адказнасць і руплівасць, – кажа дачка Алена. – І я ганарылася, што мама адна з лепшых работніц і яе ўзнагароджваюць граматамі за добрую працу. Мы часта прыбягалі на ферму дапамагчы. Помню, дзядуля зрабіў невялікі каромысел, на які я прычапляла вядзерцы з куляшом і разносіла цялятам. А яшчэ з братамі раздавала сена жывёле. Толькі цяпер разумею, што мама нас клікала на дапамогу не проста так: гэта было і працоўнае выхаванне. І тым, што мы дружныя, мы абавязаны бацькам».

Вось ужо чвэрць стагоддзя Марыя Пятроўна жыве без мужа. Па выхадных прыязджаюць дзеці і ўнукі, якім яна заявіла, што нікуды і ніколі са сваёй хаты не паедзе. А ў будні дапамагае сацыяльны работнік Святлана Прыгожая, якая жыве па суседстве.

Марыя Шэдзько кажа, што галоўнае багацце і гонар – гэта яе працяг: шасцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў. На шаноўны юбілей з усіх куточкаў прыехалі родныя, дом напоўніўся звонкім смехам, кветкамі і цёплымі словамі падзякі за яе бяссонныя ночы, пяшчоту і матчыну малітву. Прыехалі павіншаваць юбіляра і спецыялісты ТЦСАН.

Лідзія РУМЯНЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *