Не проста працуюць – жывуць лагерам
У Лескавічах, дзе сосны шумяць у такт з ветрам, а паветра празрыстае, як ранішняя раса, заканчваецца чацвёртая змена ў лагеры «Пунсовы ветразь». І галоўныя яе героі – не толькі дзеці, а шэсць дзяўчат, якіх аб’яднаў педагагічны студатрад «Ветразь» імя Героя Савецкага Саюза Е. С. Зяньковай.
Ульяна Шаўнёва, Марыя Мелюха, Таццяна Дарафеева, Аляксандра Гуз, Лада Матышава, Марына Кошалева прывезлі сюды частку сваёй душы. Студэнткі і маладыя педагогі, яны не проста працуюць – яны жывуць лагерам. Раніцай – зарадка пад музыку, удзень – майстэрні і квэсты, увечары – агеньчыкі і песні. І за ўсім гэтым – іх клопат, іх выдумка, іх шчырасць.
Марыя Мелюха, нягледзячы на ўзрост, ужо вопытны выхавальнік – працавала летась і на другой змене. Дзяўчына прызнаецца, што студатрад стаў адной з прычын пайсці працаваць у лагер на чацвёртую змену. Лада Матышава і Марына Кошалева былі ў студатрадзе і на трэцяй змене: «З 1 верасня я працую ў СШ № 1 г. п. Шуміліна. «Пунсовы ветразь» яшчэ раз пераканаў, што я на сваім месцы. Гэта лепшая практыка перад тым, як увайсці ў клас настаўніцай», – адзначыла Лада.
А вось Таццяна Дарафеева і Аляксандра Гуз – дэбютанткі ў педагагічнай справе. Іх першыя дні былі поўныя хвалявання: як знайсці падыход, чым зацікавіць, ці паслухаюцца? Але праз дзень-другі яны прызналіся, што дзеці падарылі ім больш, чым яны чакалі. «Калі маленькі хлопчык падбег і абняў мяне проста так, ад шчырага сэрца, я зразумела, што гэта і ёсць галоўны скарб», – кажа Аляксандра.
Байцы студатрада не баяцца эксперыментаў. «Мы хочам, каб кожны дзень быў непадобным і новым, – перакананы дзяўчаты. – Нават самыя звычайныя рэчы можна ператварыць у свята, калі ўкласці ў іх сэрца».
Дзяўчаты не проста працуюць – яны растуць разам з дзецьмі. Іх вочы гараць, вусны ўсміхаюцца, а ў сэрцах – упэўненасць, што менавіта так і павінна выглядаць сапраўднае лета: звонкае, сонечнае і поўнае сэнсу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

