«Душа абаронцы»
У раённым цэнтры культуры адбылася прэм’ера мастацка-публіцыстычнага фільма Рыгора Азаронка «Душа абаронцы», якубю паглядзелі вучні СШ № 1 і СШ № 2 г. п. Шуміліна, бацькі, прадстаўнікі РАУС і РАНС.
«Душа абаронцы» – фільм пра мужнасць, смеласць і адвагу сённяшніх беларускіх салдат, пра пераемнасць пакаленняў і патрыятызм. Каб гледачы маглі пранікнуцца роздумам пра важнасць міру, журналіст Рыгор Азаронак адправіўся на беларуска-ўкраінскую граніцу і сустрэўся там з салдатамі, камандзірамі і дазнаўся пра іх жыццё.
Пасля прагляду фільма прайшло яго абмеркаванне. Мадэратарам выступіла начальнік аддзела па адукацыі Аксана Талстая. Яна адзначыла: каб стаць абаронцам, неабавязкова быць на ваеннай службе. Абаронца – той, хто дапамог слабейшаму, стаў валанцёрам, праявіў сябе ў спорце, конкурсах. Пра мужнасць і адвагу салдат гаварыла начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Наталля Банцэр. Старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Дар’я Трафімава, намеснік начальніка РАУС Павел Трафімаў, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец» СШ № 1 г. п. Шуміліна Яўген Сахончык падкрэслілі, што служыць сваёй радзіме, рабіць добрыя справы для людзей можа кожны школьнік – гэта і будзе маленькі ўклад у дабрабыт краіны.
СЛОВА – СТАРШАКЛАСНІКАМ:
Аляксандр Канагатаў, СШ № 2 г. п. Шуміліна:
– Фільм уразіў. Цікава было паглядзець, як служаць на граніцы, як жывуць у баявых умовах. Салдаты, якія ўсяго на некалькі гадоў старэй за мяне, сталі на абарону радзімы. Я таксама хачу служыць у арміі, мару трапіць у паветрана-дэсантныя войскі.
Кацярына Лук’янава, СШ № 2 г. п. Шуміліна:
– Партрэт кожнага абаронцы раскрываецца праз іх развагі пра доўг, чэсць. Мне спадабаўся эпізод, дзе дзяўчына, якой 26 гадоў, валодае ўсімі відамі зброі. Яна служыць разам з мужам і лічыць, што пры неабходнасці стане на абарону радзімы з ім плячо ў плячо. Як рабілі гэта нашы дзяды і прадзеды падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Максім Жыгуноў, СШ № 1 г. п. Шуміліна:
– Фільм «Душа абаронцы» не пакінуў мяне раўнадушным. У ім паказалі беларускіх салдат і афіцэраў падчас шчырых размоў. Вельмі ўразіла, што ваеннаслужачыя не толькі людзі цвёрдага характару і мужныя, але і добрыя. Яны аказваюць дапамогу цяжка хворым дзецям у хоспісе. Я таксама хачу быць падобным да такіх стойкіх салдат, мару стаць ратавальнікам.
Захар Усаў, СШ № 2 г. п. Шуміліна:
– Фільм пра тое, як сённяшнія абаронцы становяцца героямі. Яны размаўляюць пра вернасць, доўг, жыццё, стаяць на варце міру і адзінства краіны, на іх спадзяецца беларускі народ. І ў канцы фільма кажуць пра асноўную мэту: «Задача – абараніць Радзіму!».
Ларыса ЗАЙЦАВА.



