Каб адчуць напружаны рытм касавіцы, зладжанасць у рабоце механізатараў КУСГП “Ульскі”, трэба пабываць на палетках.
І калі на мінулым тыдні мы прыехалі на поле ля Грудзінава, тут быў сапраўдны прыпар: працавалі два кормаўборачныя камбайны, тры трактары з касілкамі, адзін – з граблямі. Яшчэ пяць МТЗ адзін за адным то ад’язджалі з поля з поўнымі прычэпамі зялёнкі, то зноў прыязджалі загружацца.
“Тон у рабоце задае наш дырэктар Валянціна Уладзіміраўна Лабейка, – расказалі механізатары. – За дзень яна па некалькі разоў “абляціць” травяныя абшары гаспадаркі. На месцы раімся з кіраўніком, разам карэкціруем работу па касавіцы”. Пакуль размаўлялі, на поле прыехала і сама Валянціна Уладзіміраўна. Яна расказала, што сёлета, як ніколі, гаспадарцы пашанцавала на касілкі: адну выдзелілі за кошт бюджэтных сродкаў, а яшчэ дзве гаспадарка набыла за ўласныя грошы, выручаныя ад продажу малака. Таму сцвярджэнне кіраўніка гаспадаркі “будзем з кармамі” як ніколі ўпэўненае. Тым больш, што з мінулага года застаўся запас – дзве тысячы тон сенажу і тысяча тон сіласу.
“Сёлета травы месцамі горш, чым летась. І выспелі яны пазней: у мінулым годзе касіць пачалі 3 чэрвеня, а сёлета – 14. Але зараз самы час для ўборкі: канюшына ў стадыі бутанізацыі, – расказала Валянціна Уладзіміраўна. – Нашы механізатары стараюцца. Паклалі ўжо сянажныя траншэі ў Кардоне, Лявонаве і Брыціках, зараз працуем у Грудзінаве. Трамбоўка вядзецца кругласутачна, ля траншэй дзяжураць спецыялісты з бухгалтэрыі. За дзень нарыхтоўваем прыкладна па 350 тон сенажу. Усяго нам трэба назапасіць 5,5 тысячы тон сенажу, 300 тон сена, 5 тысяч тон сіласу. Трэба, каб на адну ўмоўную галаву было не менш як 30 цэнтнераў кармавых адзінак – тады зімоўка будзе сытнай”.
Валянціна Уладзіміраўна хваліла ўсіх механізатараў за добрую работу. Але з усёй кагорты выдзяляецца Сяргей Агафонаў (на здымку) – ён адзіны, хто працуе з граблямі. “Працую з раніцы да позняга вечара і без выхадных, – усміхаецца Сяргей. – Калегі на кормаўборачных камбайнах“ наступаюць на пяткі”, расслабляцца не даюць. Ды для мяне гэта справа прывычная – чацвёрты год працую з граблямі”.
Ларыса Зайцава.
Надрукавана ў №51 ад 05.07.2017 г.

