Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Кіберзлачынства
Пацярпеў жыхар Обалі – з ягонай банкаўскай карткі махляры знялі грошы. Як высветлілася, такі інцыдэнт меў месца з-за празмернай даверлівасці пацярпелага. Невядомая асоба ўзламала старонку мужчыны «УКантакце» і ад імя сябра абальчаніна папрасіла пазычыць грошы. Мужчына «ўвайшоў у сітуацыю сябра», вырашыў дапамагчы і напісаў нумар сваёй банкаўскай карткі, з якой неўзабаве было знята 260 рублёў. Толькі потым высветлілася, што сябар ніякія грошы не прасіў, а імі пакарыстаўся невядома хто. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Чалавеку, які зняў грошы з чужой банкаўскай карткі, пагражае пазбаўленне волі да трох гадоў.
Марыхуана
Віцяблянін, які часова пражывае ў в. Плігаўкі, захоўваў у доме 16,39 грама марыхуаны. Наркатычны сродак знойдзены і канфіскаваны. Узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі ад 2 да 5 гадоў.
Аліменты
Жыхар райцэнтра, які быў абавязаны выплачваць аліменты на непаўналетняе дзіця ў памеры 20% ад усіх відаў заробку, нідзе не працаваў на працягу трох месяцаў. І ніякіх выплат на ўтрыманне дзіцяці не рабіў. Узбуджана крымінальная справа, максімальнае пакаранне, што пагражае мужчыну – пазбаўленне волі да аднаго года.
Са зводак ДАІ
П’янаму – не месца
Супрацоўнікі ДАІ правялі комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне ДТЗ з удзелам асоб, якія садзяцца за руль у стане алкагольнага ап’янення. Былі праведзены шматлікія рэйды, адпрацоўкі дарог, прафілактычныя мерапрыемствы.
Наезд
Віцяблянка, якая ехала на аўтамабілі «Лада» па вул. Кароткіна ў райцэнтры, не разлічыла адлегласць і наехала на аўтамабіль «Хундай», што стаяў на абочыне. Абедзве машыны пашкоджаны. Віноўніца ДТЗ з’ехала з месца здарэння, але супрацоўнікі ДАІ хутка ўстанавілі яе месцазнаходжанне. Парушальніцы пагражае штраф або пазбаўленне правоў кіравання транспартнымі сродкамі да двух гадоў.
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ Ушацкага раёна затрымалі на аўтадарозе жыхара Шуміліна, які ехаў на самаходнай машыне і пры гэтым не меў правоў кіравання транспартнымі сродкамі. Як высветлілася, самаходная машына належыць ПМК-70. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф ад 5 да 20 БВ. Да адказнасці будзе прыцягнута і службовая асоба прадпрыемства, якая дапусціла транспартны сродак да ўдзелу ў дарожным руху (штраф ад 8 да 45 БВ).
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №72 ад 15.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *