Трэція ў рэспубліцы
Сёлета хлопцы-валейбалісты нашай спартыўнай школы ўнеслі значны ўклад у агульную скарбонку яскравых дасягненняў СДЮШАР, тым самым зноў пацвердзілі высокі статус спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву. За няпоўны год яны сталі чэмпіёнамі вобласці і бронзавымі прызёрамі Беларусі.
«Хлопцы паказваюць вельмі годныя вынікі, – падкрэсліў дырэктар СДЮШАР Алег Асташонак. – У гэтых перамогах заслуга і саміх валейбалістаў, і трэнера, і кожнага работніка школы, і бацькоў».
Нядаўна каманда Віцебскай вобласці заняла трэцяе месца ў першынстве Беларусі. Аснову зборнай складалі шумілінскія валейбалісты Раман Аглушэвіч, Мікіта Емяльянаў, Алег Бохан, Кірыл Зазыба, Уладзіслаў Марозаў, Арсеній Ізафілаў. Трэніраваў каманду Аляксей Паршыкаў. Дарэчы, гэтыя валейбалісты – вынік працы ўсёй спартыўнай школы, бо першымі трэнерамі ў гэтых валейбалістаў былі Любоў Бабова, Людміла Харкавец, Юрый Пальвінскі і Аляксей Паршыкаў.
– Гульні даваліся складана, – падзяліліся валейбалісты. – Рады, што мы трапілі на п’едэстал. Трохі крыўдна, што не змаглі паказаць усё, што ад нас патрабаваў трэнер, таму лепшымі на першынстве сталі каманды Мінска і Брэсцкай вобласці.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.