Купальскі рэпартаж

Культура

У суботу 6 ліпеня на беразе Шумілінскага возера прайшло традыцыйнае народнае свята Купалле.

Свята прымеркавана да 7 ліпеня – дня нараджэння хрысціянскага святога Іаана Хрысціцеля (Івана Купалы), які пры хрышчэнні пагружаў у ваду (купаў). Але Купалле мае глыбокія язычніцкія карані, яно звязана са старажытным народным календаром і летнім сонцастаяннем. Пасля Купалля сонца паварочваецца на зіму, а дні становяцца карацей. Этнографы лічаць, што менавіта беларусы найбольш поўна захавалі святкаванне Купалля.

У глыбокай старажытнасці ў гэты дзень людзі святкавалі яркае, спякотнае сонца –  Купала, дзякавалі шаноўным прыродным сілам – Агню, Вадзе і Зямлі. Ноч напярэдадні Купалы мела нават большае значэнне, чым дзень. У купальскую ноч шукалі чароўную папараць-кветку, якая давала магчымасць разумець мову звяроў і птушак, бачыць будучыню і ведаць схаваныя скарбы.

З Купаллем звязана шмат абрадаў: менавіта ў гэтую ноч збіралі лекавыя травы і кветкі, якія набывалі найбольшыя гаючыя ўласцівасці; ачышчаліся агнём, калі скакалі праз вогнішча, у купальскім вогнішчы спальвалі рэчы хворых людзей і проста старыя, сапсаваныя рэчы; гадалі на будучае – дзяўчыны пускалі вянкі, каб даведацца ці выйдуць сёлета замуж і з якога боку чакаць жаніха; праводзілі абрады аховы дома, жывёлы і палеткаў ад нячысцікаў; прасілі добрага ўраджаю і дабрабыту; ля вогнішча гатавалі святочную вячэру; а на світанку ўмываліся расой і купаліся ў ёй, каб быць здаровымі і прыгожымі.

Сучасныя беларусы не выконваюць старадаўнія абрады, але нешта ў душы кліча вечарам напярэдадні Івана Купалы да святочнага вогнішча. Добрае надвор’е, музычная і забаўляльная праграма, падрыхтаваная раённым цэнтрам культуры, прыцягвалі жыхароў і гасцей Шуміліна на бераг возера. Яны ішлі з розных канцоў райцэнтра на гучную музыку і галасы вядучых.

А на беразе разгарнуўся сапраўдны святочны гарадок. Свае інтэрактыўныя забаўляльныя пляцоўкі для шумілінцаў прапанавалі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, раённая бібліятэка, Дом рамёстваў. Хадзьба на хадулях, перацягванне адзін аднаго, кіданне бервяна, элементы футболу, барацьба з мячыкамі, дартс,іншыя шматлікія жартоўныя і актыўныя гульні, за якія можна было атрымаць салодкі пачастунак, прыцягвалі не толькі падлеткаў і дзяцей, але і многіх дарослых.

Прадпрымальнікі акрамя гандлю прысмакамі ды цацкамі прапаноўвалі надзіманыя атракцыёны, гульні на лоўкасць і меткасць. Вялікая чарга выстраілася за хот-догамі і кавай.

А на сцэне з народнымі і сучаснымі песнямі і танцамі выступалі артысты, вядучыя запрашалі паўдзельнічаць у традыцыйных купальскіх конкурсах і гульнях: хто спляце самы прыгожы купальскі вянок, хто лепш танчыць, хто знойдзе чароўную папараць-кветку. Маладыя людзі актыўна адгукаліся на прапановы, выконвалі заданні вядучых.

Дом рамёстваў ладзіў абавязковы купальскі майстар-клас па пляценні вянкоў. Дарэчы, было прададзена каля сотні падрыхтаваных загадзя і сплеценых на месцы вянкоў, і многія дзяўчыны і жанчыны былі ўпрыгожаны гэтым святочным галаўным уборам.

Новым элементам святочнай праграмы стала вялікая лялька Купава, упрыгожаная травамі і кветкамі. Кожны жадаючы мог загадаць жаданне і ўплесці ва ўбор лялькі каляровую стужку. Толькі ў чароўную купальскую ноч Купава дапаможа выканаць патаемнае жаданне.

На беразе запалілі вялікае вогнішча, дзяўчаты сплялі вянкі і пайшлі гадаць на суджанага – пускаць вянкі на ваду, глядзець, у які бок панясе іх вада.

А шумілінцы ўсё ішлі і ішлі. Амаль да паўночы на беразе возера гучала музыка, народ танцаваў, скакаў праз вогнішча і весяліўся.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *