Сто год жыцця, з іх пяцьдзясят – у медыцыне
У гэтым годзе Шумілінскі раён адзначае стагоддзе. Такая ж шаноўная дата і ў Леангіны Пятроўны Післяковай з Кардона, адзінай равесніцы раёна на Шуміліншчыне. Усё лета і восень яна разам з сынам Пятром праводзіць у Кардоне, а на зіму з’язджае ў горад. Да Леангіны Пятроўны з цёплымі пажаданнямі і сувенірамі завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, падзякавалі юбіляру за працоўны ўклад у развіццё раёна.
Леангіна Післякова ўсё жыццё адпрацавала медыкам і стаж у яе зайздросны – паўстагоддзя ў медыцыне. Родам з вёскі Камачына, Леангіна Післякова дзесяць гадоў ездзіла на работу ў Ульскую бальніцу. А потым, калі з’явілася вакансія ў Мікалаеўскай бальніцы, перавялася сюды. Многія жыхары Мікалаева і блізляжачых вёсак памятаюць гэтага ўважлівага медыка. Леангіна Пятроўна была і патранажнай медсястрой, і ўчастковай, і старшай.
Былых медыкаў не бывае – гэта пра Леангіну Пятроўну. Па натуры спакойная і пакладзістая, яна ніколі не кідаецца ў роспач і лічыць, што ніколі нельга людзям адмаўляць у дапамозе. Леангіна Пятроўна пражыла з мужам Іванам Іпалітавічам сямнаццаць гадоў. Паранены салдат-франтавік рана пайшоў з жыцця. Перажыла і смерць дваіх сыноў. Зараз Пётр — надзея и падтрымка. Ёсць пяцёра ўнукаў, сямёра праўнукаў.
Л. П. Післякова вельмі любіць чытаць. Да нядаўняга часу трымала газету ў руках, але зараз падводзіць зрок. Што тычыцца ежы, то ніколі не прытрымлівалася ніякіх дыет. Вельмі любіць дранікі, якія пастаянна раней пякла сама. А зараз сыну часта заказвае купляць смачнае – пірожнае ці торцік, на бутэрброды – чырвоную рыбу. Кажа, што ўсё гэта вельмі карысна для сэрца і нерваў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

