Вышыўка заспакойвае і дае сілы
«Дзякуй раённым “Дажынкам”, якія сёлета ладзіліся ў нашым аграгарадку – было арганізавана многа прыгожых выстаў, – успамінаюць жыхары аг. Башні. – Мы даведаліся, наколькі таленавітыя нашы землякі. Адкрылі для сябе творчасць Ліліі Ягораўны Марчанка».
Карціны, якія вышывае Лілія Марчанка, прыгожыя, арыгінальныя, з адмысловымі ўзорамі. Мы сустрэліся з жанчынай, і яна расказала, што ў маладосці, як і ўсе яе равесніцы, вышывала гладдзю навалачкі, падузорнікі, ручнікі. Калі працавала ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве бухгалтарам, то не было калі заняцца любімай справай. Вярнулася да яе гады тры таму, будучы на заслужаным адпачынку. Падахвоціла дачка Алена, якая на той час працавала ў школе, займалася вышыўкай. Вядома, рукі Ліліі Ягораўны ўспомнілі любімы занятак, больш таго – асвоілі алмазную вышыўку. Адна за адной пачалі з’яўляцца вышытыя карціны, аздобленыя рамкамі. Цяпер іх больш за дваццаць. Сярод любімых – “Сланечнік”, “Царква”, “Анёл”, “Тры мядзведзі” і іншыя. «Захапленне вышыўкай заспакойвае, дае сілы і ўпэўненасць, – кажа Лілія Ягораўна. – Калі вышываю, то не лезуць у галаву дрэнныя думкі і я адчуваю сябе на пазітыве».
Ларыса КІСЯЛЁВА.

