У атмасферы шчырых успамінаў
Навагодні блакітны агеньчык сабраў 11 студзеня ў актавай зале СШ № 1 г. п. Шуміліна ветэранаў педагагічнай працы. Ініцыятарамі сустрэчы выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама і раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Са святамі павіншавалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка.
За кубкам чаю ветэраны дзяліліся ўспамінамі. А ўспомніць ім ёсць што: у многіх педагагічны стаж работы – сорак і больш год. Забаўляльная праграма стварала не толькі навагоднюю атмасферу, а і яшчэ узнімала і без таго добры настрой удзельнікаў. Шчырымі апладысментамі віталі ветэраны працы канцэртныя выступленні юных артыстаў СШ № 1.
Пётр СПІРЫДОНАЎ: Вялікі дзякуй арганізатарам за мерапрыемства. Гэта была цудоўная магчымасць сустрэцца з тымі, з кім працаваў не адно дзесяцігоддзе, пабываць у цёплай і сяброўскай атмасферы. А калі ўсе разам заўзята і шчыра падпявалі вядомую песню «Завіруха», злавіў сябе на думцы, што мы яшчэ і папрацаваць можам, сіл і імпэту дастаткова.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

