Лідар года – Ганна Галынчык
Ганна Галынчык, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ СШ № 1, стала пераможцай раённага этапа рэспубліканскага конкурсу «Лідар года».
Другое месца ў Артура Пузікава з Кардонскай СШ, трэцяе – у Юліі Купрыянавай з Мікіціхінскай школы.
Уражаннямі ад удзелу і перамогі ў конкурсе падзялілася Ганна Галынчык:
– У падобным конкурсе я ўдзельнічала ўпершыню, бо восенню абрана школьным маладзёжным лідарам. Перамагчы было нялёгка, бо сапернікі з іншых школ раёна былі моцныя. Трэба было расказаць, якім павінен быць маладзёжны лідар будучыні, абараніць уласны праект «Ёсць ідэя» і прадэманстраваць веды і ўменні ў інтэлектуальным этапе.Я прыклала максімум намаганняў і фантазіі пры падрыхтоўцы да ўсіх трох этапаў конкурсу. Вельмі дапамагалі класны кіраўнік Вольга Мікалаеўна Бяляева і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Мікалаеўна Барабанава, якая выкладае заняткі па інтарэсах “Школа лідара”, якія я наведваю трэці год. Хацелася быць арыгінальнай, таму падрыхтавала візітку ў форме міні-шоу “Дэтэктар хлусні”, расказала пра сваю сям’ю і сяброў, распрацавала праект “Прыпынак міласэрнасці”.
Цяпер буду старанна рыхтавацца да абласнога этапа конкурсу, бо адчуваю вялікую адказнасць за школу і раён».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

