Самая вялікая атара – у Антонавых з Дабеі
Некаторыя гаспадары на вёсцы збаўляюцца ад падсобнай гаспадаркі, а Віктар Антонаў з Дабеі лічыць гэту справу выгаднай. Вось ужо трэці год ён разводзіць авечак на бацькавым падворку і мае, як расказалі ў Дабейскім сельвыканкаме, ці не самую вялікую атару ў раёне – больш за паўсотню галоў.
Віктар не адзінокі ў сваіх пачынаннях. Ён, як правіла, падае ідэю, а сям’я падтрымлівае. У першую чаргу бацькі Канстанцін Георгіевіч і Анастасія Адысееўна. У свой час сям’я трымала гусей, свіней, цяпер узялася за развядзенне авечак – іх мяса любіць усе. Спачатку трымалі авечак раманаўскай пароды, потым узяліся за развядзенне больш запатрабаваных – катумскіх. Віктар доўга вывучаў перавагі гэтай пароды і можа пра яе расказваць ва ўсіх тонкасцях: «Вывеў пароду Алег Лебедзь з Ленінградскай вобласці. Гэтыя авечкі мяснога накірунку прадукцыйнасці, маюць развітую мускулатуру, прызвычайваюцца да розных умоў утрымання і кармлення. Выгадна, што мала затрат ідзе на іх догляд і што яны ўстойлівыя да захворванняў. Авечкі не патрабуюць падстрыжкі, бо ў іх шэрсць толькі зімой, вясной яны ліняюць, і наогул у іх негустое валасяное покрыва. А галоўнае – мяса мяккае, без спецыфічнага мускуснага прысмаку, нятлустае, падобнае на цяляціну. Прычым, смакавыя якасці не мяняюцца з узростам жывёлы».
У атары Антонавых два бараны катумскай пароды – Март і Зеўс (да слова, каштуюць яны нятанна – прадаўцы просяць больш за паўтары тысячы рублёў), ёсць адна чыстапародная авечка для разводу (яе купілі ў Расійскай Федэрацыі, аддалі каля 700 рублёў). Астатнія – сумесь раманаўскай пароды з катумскай. Апошняя ўзяла верх – жывёла з гладкай шэрсцю і ліняе вясной.
Для сенакосу сельсавет па заяве Антонавых выдзеліў пяць гектараў зямлі. Для работы ёсць самаробны трактар, мотаблок і прычапныя ўстройствы, дзве сегментныя касілкі. Не адмаўляе ў дапамозе ААТ “Прыазёрны мір”, косяць траву, а потым зарулоньваюць сена. Нарыхтавалі яго больш за 10 тон. А яшчэ авечкі любяць бульбу і буракі, баранаў-вытворцаў падкормліваюць яшчэ і зернем. А ўвогуле да самых вялікіх маразоў і снегу пасвяць атару на полі.
За гэтым заняткам і засталі за Дабеяй Канстанціна Антонава і сябра Віктара – Віталя Леановіча, які таксама заахвоціўся развядзеннем авечак. «Жывёла спакойная, паслухмяная, можна сказаць, флегматычная, – падзяліўся Канстанцін Георгіевіч. – Авечкі падтрымліваюць вагу на звычайнай траве, што вельмі выгадна для гаспадароў. Да таго ж, у нас уласны ветурач у сям’і – мая жонка. Яна ведае, калі і якія вітаміны трэба даваць жывёле, робіць прафілактычныя прышчэпкі».
Авечкі катумскай пароды не баяцца маразоў – для іх пабудаваны звычайны драўляны навес, ёсць выгульная пляцоўка, дзе стаяць карыты з вадой. Антонавы поўнасцю забяспечваюць сваю сям’ю баранінай, з яе і тушонкі робяць, і супы вараць, і шашлыкі смажаць. Калі ёсць пакупнікі, то і прадаюць мяса. Вось толькі шкада, што аўчына і воўна зараз нікому не патрэбныя – гэтую калісьці каштоўную сыравіну прыходзіцца проста выкідваць.
Каля навеса для атары мы пабачылі і барана Марта катумскай пароды. Ён вялікі (важыць больш за сто кілаграмаў), прыгожы, з гладкай шэрсцю і для незнаёмых людзей здаецца грозным. Але гаспадара Віктара слухаецца – і трапіў у аб’ектыў рэдакцыйнага фотаапарата.
У будучым Антонавы хочуць развесці менавіта катумскую пароду авечак. І першыя крокі дзеля гэтага ўжо зроблены – чыстапародная авечка можа прынесці два ці тры ягняці два разы на год…
Ларыса ЗАЙЦАВА.


