А ці не паехаць нам у санаторый?
Як аздараўляюцца жыхары нашага раёна? У якіх санаторыях адпачываюць? Колькі каштуе пуцёўка? Пра гэтыя і іншыя пытанні адпачынку гутарым з вядучым спецыялістам Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Вікторыяй ДРУЖКІНАЙ.
– Ці любяць шумілінцы ездзіць у санаторыі?
– Так, санаторыі карыстаюцца попытам у жыхароў раёна. За мінулы год за кошт бюджэтных сродкаў прадстаўніцтвам па Шумілінскім раёне было выдадзена 126 пуцёвак, 40 з іх – для непрацуючых ветэранаў працы, 12 – для непрацуючых інвалідаў 1 і 2 груп, 4 – для дзяцей-інвалідаў, 36 дзіцячых пуцёвак, 22 – для дарослых працуючых, 12 – для маці і дзіця.
– Па якіх профілях захворвання можна аздаравіцца ў беларускіх санаторыях?
– Трэба адзначыць, што ўсе санаторыі шматпрофільныя. Мы накіроўваем на аздараўленне па сардэчна-сасудзістым профілі, органаў дыхання і руху, нервовай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту і іншых хваробах.
– Куды звяртацца за пуцёўкамі?
– У прадстаўніцтва звяртаюцца для пастаноўкі ў чаргу і за атрыманнем пуцёўкі законныя прадстаўнікі дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў; інваліды 1 і 2 груп; непрацуючыя ветэраны працы; грамадзяне, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне ў бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (бяруць пуцёўкі як для сябе, так і для сваіх дзяцей). Усе пералічаныя катэгорыі грамадзян для пастаноўкі ў чаргу павінны быць зарэгістраваны на тэрыторыі Шумілінскага раёна.
Для атрымання пуцёўкі па месцы работы чалавек павінен звярнуцца ў камісію па аздараўленні прадпрыемства ці арганізацыі з медыцынскай даведкай (у ёй указана, што ёсць медыцынскія паказанні і адсутнічаюць супрацьпаказанні да санаторна-курортнага лячэння), дзе значыцца профіль лячэння. Грамадзяніну трэба напісаць заяву, прыкласці медыцынскую даведку.
Камісія па аздараўленні прадпрыемства звяртаецца ў прадстаўніцтва з заяўкай, і мы выдзяляем пуцёўкі згодна з планам.
– Як дорага каштуе аздараўленне?
– Дзецям, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідам 1 і 2 груп пуцёўкі выдаюцца бясплатна. Непрацуючыя ветэраны працы даплачваюць за пуцёўку згодна са шкалой суадносін памеру грашовага даходу атрымальніка пуцёўкі да намінальнай налічанай сярэдняй зарплаты работнікаў у краіне. Летась, напрыклад, у залежнасці ад санаторыя ветэраны даплачвалі ў сярэднім па 150-200 рублёў. Для працуючага грамадзяніна кошт пуцёўкі разлічваецца па тым жа алгарытме, даплаты залежаць ад яго заробку.
– Ці існуе перыядычнасць атрымання пуцёўкі і якая іх працягласць?
– Для дзяцей і дзяцей-інвалідаў пуцёўкі прадастаўляюцца з перыядычнасцю адзін раз у год, інвалідам 1 і 2 груп – адзін раз у два гады, непрацуючым ветэранам працы – адзін раз у тры гады, працуючым – адзін раз у чатыры гады. Дзіцячыя пуцёўкі разлічаны на 18 дзён, дарослыя – на 15.
– У якіх санаторыях пабывалі летась нашы землякі?
– Дзеці аздараўляліся ў “Расінцы” ў Міёрскім раёне і ў “Акадэміі здароўя” на Міншчыне. На пастаяннай аснове для інвалідаў 1 і 2 груп і непрацуючых ветэранаў працы выдзяляюцца пуцёўкі ў санаторыі “Бярэзіна” і “Вяжуці” (Мінская вобласць), “Ясельда” і “Белая вежа” (Брэсцкая вобласць). Штогод Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва праводзяцца закупкі пуцёвак у санаторыі, якія прайшлі дзяржаўную атэстацыю і ўключаны ў пералік санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Пасля правядзення працэдуры закупкі пуцёўкі размяркоўваюцца па абласцях і раёнах. Так што нашы землякі ездзілі ў “Нарач”, “Сасновы бор” (Мінская вобласць), “Энергетык” і “Парэчча”, што ў Гродзенскай вобласці, санаторыі “Алеся” (Брэсцкая вобласць), “Чэнкі” (Гомельшчына), і “Лепельскі ваенны санаторый” (Віцебская вобласць) за кошт бюджэтных сродкаў.
– Ці пачаўся сезон аздараўлення сёлета?
– Так, у санаторыях ужо аздаравіліся двое жыхароў раёна. Чацвёра адпачываюць зараз.
Ад аўтара. Жыхары раёна маюць магчымасць паехаць і ў прафсаюзныя санаторыі краіны (іх 12). Для членаў прафсаюза прадугледжана скідка ў памеры 25%. Адпачыць у прафсаюзных санаторыях можна столькі дзён, на колькі ў вас хопіць жадання і грошай. Аздараўляюцца шумілінцы, вядома, і, напрамую набываючы пуцёўкі на сайтах санаторыяў.
СЛОВА – ЖЫХАРАМ РАЁНА:
Алена Сіпко: Разам з дачушкай у лістападзе мінулага года пабывалі ў санаторыі “Расінка”. Для дзяцей пуцёўкі там бясплатныя, а я заплаціла 15% ад кошту, гэта каля 160 рублёў. Мы хадзілі на інгаляцыі, масажы, лячэбныя ванны і іншыя працэдуры. Санаторый дапамог паправіць здароўе.
Надзея Каротчанка: Выдатна адпачыла 15 дзён у санаторыі імя Леніна, што ў Бабруйску. І няважна, што ён далекавата, там шмат розных працэдур, якія рэкамендаваны для прафілактыкі і лячэння многіх захворванняў. У здраўніцы прыгожа, непадалёк працякае рака Бярэзіна, пакоі камфортныя, персанал ветлівы. Вярнулася дадому бадзёрай. Усім сваім знаёмым раю абавязкова хоць разок з’ездзіць на адпачынак.
Святлана Шустрова: Мы з мужам выбіраем санаторыі самі, пры гэтым карыстаемся прафсаюзнай 25%-й скідкай. Былі ў «Лясных азёрах» ва Ушачах, дзе мне, акрамя асноўных працэдур, вельмі падабаецца басейн. Некалькі разоў ездзілі ў «Лётцы». Заўсёды праходзім лячэнне пры дапамозе лазерных прамянёў, якое павышае імунітэт.
Ларыса ЗАЙЦАВА

