Служба ў «белых пальчатках»

Нямногім выпадае шанс служыць у роце ганаровай варты. Сюды самы строгі адбор – і рост не ніжэй за 185 см, і ідэальнае здароўе.
Адзін з тых, каму пашчасціла праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў роце ганаровай варты – абальчанін Андрэй БУДНЕВІЧ (да слова, яго рост – два метры), які зараз служыць старшым інструктарам-ратавальнікам ПАРП № 11 РАНС. Служыў Андрэй у 2018-2020 гадах і з задавальненнем расказвае пра гэты этап жыцця.
– Калі падчас прызыву даведаўся, што магу трапіць у роту ганаровай варты, адразу сябе сказаў, што такі шанс даецца раз у жыцці, – пачаў гутарку Андрэй. – І апошнія месяцы перад арміяй шмат фізічна займаўся. І прайшоў адбор.
Курс маладога байца ніхто не адмяняў і для салдат роты ганаровай варты. Страявая, агнявая, тактычная падрыхтоўкі – усё, як у кожнага навабранца. А вось пасля прыняцця Ваеннай прысягі ўсё памянялася. «Штодзень 6-8 гадзін страявой падрыхтоўкі, – працягвае Андрэй. – Потым, каб трымалі працяглы час ногі і роўна спіну, дадаліся практыкаванні са спецыяльным цяжарам». Месяцы два спатрэбілася, каб маладыя салдаты ўцягнуліся ў рытм. Затым пачалася адпрацоўка навыкаў са зброяй – карабінам. Кожны рух, кожнае дзеянне даводзіліся да аўтаматызму і ўсё выконвалася сінхронна.
Добра памятае Андрэй Будневіч сваё першае ваеннае заданне: ва аэрапорце сустракалі прэзідэнта Таджыкістана. «Стаіш і разумееш, што ты ўвасабляеш усю краіну, яе гонар і веліч, – прызнаецца ён. – Стаіш нерухома, на выцяжку, вачыма «вядзеш» прэзідэнта». За час службы Андрэй Будневіч у складзе ганаровай варты сустракаў прэзідэнтаў Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, прынца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, міністра абароны Сірыі.
Зімой 2019 года салдаты роты пачалі рыхтавацца да ваеннага парада на Дзень Незалежнасці. Праўда, паўдзельнічаць у парадзе абальчаніну не ўдалося – перашкодзіла хвароба. Затое ў наступным годзе Андрэй Будневіч прыняў удзел у ваенным парадзе на Дзень Перамогі, прычым быў сцяганосцам. «Спецыяльна да парада з Музея Вялікай Айчынай вайны быў узяты партызанскі сцяг, з якім нашы дзяды ўдзельнічалі ў ваенным парадзе ў Маскве ў 1945 годзе, – успамінае Андрэй. – Так здарылася, што палотнішча сцяга закрыла мне вочы, таму ішоў, можна сказаць, усляпую, па памяці, ды і сябры збоку дапамагалі. Але з задачай справіўся!».
Праз пяць дзён пасля Дня Перамогі Андрэй дэмабілізаваўся. Вярнуўшыся ў Обаль, практычна адразу ўладкаваўся ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе марыў працаваць з дзяцінства. Так што служба ў Андрэя Будневіча працягваецца…
Аляксандр ШЭДЗЬКО
