Как журналист на процедуры красоты и здоровья в Шумилинскую ЦРБ ходила

Здоровье Спорт, туризм

Як журналіст раёнкі была на працэдурах здароўя і прыгажосці

Журналіст раённай газеты адправілася на некаторыя працэдуры, якія, як кажуць, доктар прапісаў (яго наведванне абавязковае, бо ў некаторых людзей могуць быць супрацьпаказанні).

Першая на шляху аздараўлення – бішафітавая ванна. Я загадзя “прагугліла”, што бішафіт здольны падтрымліваць маладосць, прыгажосць і здароўе, паляпшае абмен рэчываў і мікрацыркуляцыю крыві. Самае то, што трэба!

Чакаю, пакуль старшая мед сястра Людміла Ганчарова прыгатуе ванну. Сыпле туды паўкілаграма марской солі з бішафітам, ванну да паловы напаўняе вадой, вымярае тэмпературу. 37 градусаў – значыць можна.

Дазволена класціся ў ванну ў купальніку, а калі хочацца поўнага яднання з карысным мінералам – галышом. Выбрала апошняе, бо мяне ніхто не бачыў – ванна знаходзілася за фіранкай.

Асцярожна апускаюся, каб вобласць сэрца, як мяне папярэдзілі, не знаходзілася ў вадзе. Яна ад блакітнай ванны здаецца такога ж колеру. Ляжу, адпачываю. Цёплая вада прыемна расслабляе цела. «Вы добра сябе адчуваеце?» – пытае медсястра, якая ўвесь час знаходзіцца непадалёк. Адведзеныя 15 хвілін на ванну праходзяць хутка. Вада крыху астыла, але ж засталася цёпленькай.

«Спускайце ваду, і толькі пасля таго, як яна поўнасцю сыдзе, акуратна выходзьце», – кажа за шторкай медсястра.

Выходжу, накідваю на сябе прыгатаваную прасціну і кладуся на кушэтку, што

знаходзіцца непадалёк (пасля ванны рэкамендавана паляжаць хвілін дваццаць). Затым апранаюся.

Адчуваю бадзёрасць, добры настрой і адпраўляюся на агульнаўмацоўваючы

масаж да медсястры Наталлі Пятрэнка. Яна кладзе руку на патыліцу, потым

на лоб і адзначае, што галаўнымі болямі я “не маюся”. На маю заўвагу на

конт экстрасэнса ўсміхаецца і заўважае, што многія “балячкі” можна “вылічыць” пульсацыяй крыві на целе чалавека.

Рукі масажыста плаўна перамяшчаюцца па маім целе, размінаючы шыю,

плечы, кожную тлушчавую складку, дастаючы, здаецца, да самых касцей.

Лёгкія націсканні плаўна пераходзяць у больш моцныя, пальцы масажысткі “праходзяць” уздоўж пазваночніка з абодвух бакоў. Адчуваю сябе выдатна,

лепш сказаць – кайфую. «У вас не ўсё запушчана», – робіць выснову медсястра. Мяне гэта не можа не радаваць.

З пачуццём задавальнення адпраўляюся на лячэбную фізкультуру да інструктара Вольгі Сямёнавай. Яна паказала некалькі карысных для спіны пасля доўгага сядзення за камп’ютарам практыкаванняў – з назвамі “кракадзіл”, “лодачка”, “плывец”, “сабака”.

З поўным перакананнем, што ўсе наведаныя працэдуры – плюс здароўю

і прыгажосці, пакідаю лячэбную ўстанову. У целе адчуваю лёгкасць і адзначаю для сябе: магчыма, “скінула” кілаграм…

Зразумела, ад адной працэдуры не будзе адчувацца лячэбнага станоўчага

эфекту. Трэба прайсці комплекс фізіятэрапеўтычнагалячэння.

Слова – загадчыцы фізіятэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Таццяне Цімошчанка: «Важную ролю ў папярэджанні хвароб мае фізіяпрафілактыка, а ў лячэнні электралячэнне, святлолячэнне (у тым

ліку лазерафотатэрапія), магнітатэрапія, цяплолячэнне, вібрамасаж. У нас працуюць інструктар лячэбнай фізкультуры і медсястра па лячэбным масажы. Нядаўна з’явіліся тры новыя апараты – ультравысокачастотнай тэрапіі; магнітатэрапіі; для мясцовай дарсанвалізацыі (на скуру дзейнічаюць імпульсным пераменным токам высокай частотнасці і малой сілы, што аказвае супрацьзапаленчы эфект).

У асобным памяшканні знаходзіцца водалячэбніца са шкіпінарнымі ваннамі, бішафітавымі і серавадароднымі з марской соллю».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *