Гнаць, прадаваць і купляць самагон ЗАБАРОНЕНА!
Супрацоўнікі РАУС занепакоены: з пачатку года назіраецца рост выпадкаў вырабу самагоннай брагі і захоўвання самагонных апаратаў. Няўжо не ўсе ведаюць, што гнаць, прадаваць і купляць самагон забаронена!?
За студзень-люты супрацоўнікі РАУС канфіскавалі ў чатырох жыхароў раёна тры самагонныя апараты, 104 літры брагі і адзін літр самагону (за 2024 год было канфіскавана 99,8 л брагі, 4,9 л самагону і адзін самагонны апарат, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 5 грамадзян).
35 літраў брагі захоўваў жыхар в. Сураўні. Факт паведамілі вяскоўцы – не ўсім даспадобы такі “пачастунак” за зробленую па дамоўленасці работу. Міліцыянеры заспелі вяскоўца, калі той спрабаваў з брагі зрабіць самагон. Самагонны апарат і 35 літраў брагі былі канфіскаваны ў Шуміліне, 17 літраў – у Непаротах. Падчас абходу домаўладанняў у Крывым Сяле ўчастковы інспектар РАУС выпадкова выявіў факт самагонаварэння. Зайшоў у дом – а там працэс у разгары. Вясковец сцвярджаў, што рыхтуе спіртное для ўласных патрэб, але ж гэта не выратоўвае ад адказнасці.
«Законам устаноўлена адміністрацыйная адказнасць за выраб фізічнымі асобамі моцных алкагольных напіткаў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), а таксама захоўванне апаратаў, – адзначыў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Трафімаў. – За гэта пагражае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры да 5 БВ з канфіскацыяй незаконных напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў. За паўторнае такое парушэнне пагражае штраф да 30 БВ. Хочацца звярнуць увагу жыхароў раёна на тое, што захоўваць самагонныя апараты, купляць брагу і самагон таксама забаронена – пагражае штраф да 5 БВ».
Ларыса КІСЯЛЁВА.

