30 кіламетраў дарог трапяць пад рамонт
У Год добраўпарадкавання ў раёне прадугледжана шмат мерапрыемстваў, у тым ліку і на дарогах. Адрасы самых значных работ даведаліся ў кіраўніцтва ДРБУ‑204.
Раённыя дарожнікі распачалі работы па навядзенні парадку ў пачатку года. Адрамантавалі гравійку паміж вёскамі Міхалова і Ізгародзішча (аўтадарога Обаль-Лявонава-Мішкавічы-Ляжні), часткова – аўтадарогу Обаль-Захарава. На днях правялі ямачны рамонт у Каравайніцы.
«З зімы дарогі выйшлі не ў лепшым стане, – заўважыў начальнік ДРБУ-204 Уладзімір Раманаў. – Сёлета плануем адрамантаваць 30 км аўтадарог (24,5 км – асфальтабетоннага пакрыцця, 1,5 км – гравійных, каля 4-х км гравійнага пакрыцця стануць асфальтабетоннымі). На ўсё гэта нам выдзелена 6,3 мільёна рублёў (з абласнога бюджэту, рэспубліканскага дарожнага фонду і міжбюджэтных трансфертаў).
У апошняй дэкадзе сакавіка будзе запушчаны асфальтабетонны завод. Пацяплее, і работы будуць весціся большымі тэмпамі. Асфальтабетоннай сумессю ўласнай вытворчасці будзе адрамантавана частка аўтадарогі Крывое Сяло-Навікі (1,3 км), Бешанковічы-Крывое Сяло-Улазавічы (па в. Сінякова). Затым возьмуцца за дарогу Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні (900 метраў каля Кавалеўшчыны).
На працягу года будзе весціся рамонт аўтадарог Шуміліна-Башні-Цербяшова, Віцебск-Сіроціна, Шуміліна-Слабада, Обаль-Полацк, у в. Каравайніца, на вул. Маладзёжнай у Язвіне. Запланаваны дарожныя работы на пад’ездах да вёсак Цаўі, Казьяны, Залужжа, Гаравыя, аг. Слабада».
Асаблівая ўвага будзе нададзена аграгарадку Кардон, дзе пройдуць раённыя “Дажынкі”. Дарожныя рабочыя сумесна з работнікамі УП ЖКГ і мясцовага сельвыканкама пачалі высякаць кустоўе, неўзабаве прыступяць да рамонту дарог на вуліцах Вінера, Камачынская, Цэнтральная.
У планах таксама добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Яно будзе праведзена ў Шуміліне, Обалі, аграгарадках Мікіціха, Башні і Кардон.

