Быць у курсе вясковых праблем
На мінулым тыдні ў нашым раёне працаваў дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 Міхаіл Вішнявецкі. Ён прыняў удзел у шостай чарговай сесіі Сіроцінскага сельскага Савета дэпутатаў і правёў прыём грамадзян у будынку Сіроцінскага сельвыканкама.
На сесіі абмеркавалі работу па прафілактыцы правапарушэнняў. «Вынікі 2024 года паказваюць станоўчую дынаміку сітуацыі з правапарушэннямі, у тым ліку і ў Сіроцінскім сельсавеце, – зазначыў у дакладзе начальнік РАУС Леанід Навіцкі. – Знізіўся агульны ўзровень злачыннасці, стала менш цяжкіх злачынстваў, няма злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, з 40 да 30 зменшылася колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, з 27 да 21 – колькасць злачынстваў, здзейсненых раней судзімымі». Разам з тым расце колькасць кіберзлачынстваў, ахвярамі якіх часта становяцца пажылыя грамадзяне (ёсць факты і на тэрыторыі сельсавета). Таму трэба ўзмацніць работу па прафілактыцы і інфармаванні сярод насельніцтва.
Міхаіл Вішнявецкі пацікавіўся, якія метады прафілактычнай работы па прафілактыцы п’янства выкарыстоўваюць медыкі, як урач-нарколаг працуе з насельніцтвам па месцы жыхарства.
Пасля сесіі М. Л. Вішнявецкі правёў прыём грамадзян. На прыёме прысутнічаў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч.
Першымі на прыём прыйшлі жыхары вёскі Сіроціна. Напачатку Сяргей Каржуеў падзякаваў кіраўніку раёна за аператыўнае вырашэнне зваротаў вяскоўцаў, з якімі яны звярталіся раней. А да дэпутата абласнога Савета яны прыйшлі з некалькімі праблемамі, якія не ўдалося вырашыць самастойна. Адно пытанне тычылася транспартных зносін: прасілі дапамагчы з прыпынкам маршруткі Гарадок-Мінск перавозчыка “Паўночны экспрэс”, якая не заязджае на прыпынак у Сіроціне. Звароты да перавозчыка былі без
выніковыя. Яшчэ адно пытанне было пра якасць мабільнай сувязі, з-за чаго не працуюць тэрміналы ў аўтамагазіне, мабільнай пошце, перасоўным ФАПе, і вяскоўцы не могуць аплаціць паслугі ці тавары. Звароты да аператара мабільнай сувязі таксама не далі вынікаў. Міхаіл Вішнявецкі запісаў звароты для вывучэння і накіравання ў адпаведныя структуры.
Адзін са зваротаў тычыўся медыцынскага абслугоўвання. На яго дала падрабязны адказ Святлана Лінкевіч. Заяўнік быў задаволены тлумачэннем.
Жыхар вёскі Грабніца папрасіў падрамантаваць дарогу па вёсцы, якая правалілася ў адным месцы. Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык адзначыў, што дарожнікі і УП ЖКГ ужо прыступілі да рамонту дарог, і ў бліжэйшы час праезд па Грабніцы таксама прывядуць у парадак.
Дэпутат заўважыў, што такія прыёмы дазваляюць быць у курсе жыцця жыхароў аддаленых вёсак і па магчымасці дапамагаць ім у вырашэнні праблем.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

