Вядзецца падкормка азімага рапсу

На палетках сельгаспрадпрыемстваў раёна расце 2162 гектары азімага рапсу.
Засеяць рапс мала, за ім патрэбны пільны догляд. І зараз вядзецца падкормка пасеваў азотнымі ўгнаеннямі.
«На шумілінскіх землях можна атрымаць ураджайнасць рапсу да 20 цэнтнераў з гектара, – кажа дырэктар ААТ “АграБаравінка” Яўген Мурашка. – Праз “Віцебскаблаграсэрвіс” мы атрымалі патрэбную колькасць КАСу, вадкага азотнага ўгнаення. Падкормка вядзецца на самаходным агрэгаце на пнеўматычных шынах “Дзвіна”. У нас засеяна 400 гектараў азімага рапсу, падкармілі каля 300 га. Пазней будзем весці хімпраполку ад пустазелля, апрацоўваць пасевы ад шкоднікаў».
У сельгасарганізацыях раёна ведаюць, што вырошчваць рапс выгадна. Калі захоўваць усе тэхналогіі, то гэта культура расце добра. На Віцебскім маслаэкстракцыйным заводзе Міхаіл Канстанцінаў купляюць рапсавае зерне ў неабмежаванай колькасці. У мінулым годзе тона каштавала больш за тысячу рублёў, сёлета цана будзе большай. Адзначым, што рапсавы алей сёння на піку папулярнасці, бо па сваёй карысці практычна не ўступае аліўкаваму.
Даведка “ГП”. Рапсавы алей – прадукт здаровага харчавання. У ім прысутнічаюць каштоўныя Амега-3-6-9. Алей утрымлівае вітаміны Е, В, А, прыродныя антыаксіданты і мікраэлементы – кальцый, медзь, магній, марганец, цынк.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
